Сайт Віцебскага аблвыканкаму змяніў дызайн. Але беларускай мовы па-ранейшаму няма
Злева ўвере пазначана, што сайт мае дзве версіі: англійскую і рускую. Хаця ніжэй паказальна размешчаны дзяржаўны герб Беларусі.
Дарэчы, у ранейшым варыянце сайта беларускага герба не было, толькі герб Віцебскай вобласці – адзіны “абласны” герб з выявай Пагоні.
Віцебскія праваабаронцы не аднойчы звярталі ўвагу на тое, што мясцовыя ўлады абыякавыя да таго, што чытачы афіцыйных сайтаў дзяржаўных структур маюць права на карыстанне роднай мовай. З 23-х рэгіянальных сайтаў мясцовых адміністрацый Віцебшчыны толькі інтэрнэт-старонка Глыбоцкага райвыканкаму мае беларускамоўную версію. 19 выканкамаў прэзентуюць сябе па-руску і па-англійску, толькі сайт Браслаўскага райвыканкаму зносіцца з наведнікамі выключна па-руску, як і сайты Наваполацкага гарвыканкаму і Полацкага райвыканкаму. Між тым, гэта найбольш прывабныя для турызму рэгіёны, і ў цяперашні час, калі так шмат гаворыцца пра развіццё турызму і неабходнасць запрашаць замежнікаў на экскурсіі і адпачынак, адсутнасць англамоўнай версіі рэгіянальных сайтаў выглядае дзіўна…
На сайце Віцебскага аблвыканкаму ёсць банер “2016 – Год культуры”, з дапамогай якога наведнікі трапляюць на паведамленне БЕЛТА пра тое, што сёлета Аляксандр Лукашэнка прыняў адпаведны ўказ “з мэтамі аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для рашэння задач… захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны…” Аднак усе гэтыя задачы, відаць, Віцебскі аблвыканкам збіраецца вырашаць, ігнаруючы на афіцыйным сайце родную мову. Хоць беларускамоўная версія магла б быць у гэтым сэнсе вельмі добрым прыкладам для раённых і гарадскіх адміністрацый.
Змены знешняга выгляду старонкі сайта Віцебскага аблвыканкама – гэта выкарыстанне візуальных “навінак”. З тэхнічнага пункту погляду яны падрабязна прааналізаваны на сайце “Народныя навіны Віцебска”. Згадана і тое, што Віцебскі аблвыканкам двойчы абвяшчаў тэндэр на абнаўленне сайта, але абодва разы адмяняў тэндэры.