viasna on patreon

Працаўнікі спрабавалі адстойваць свае правы: іх абяцаюць выявіць з дапамогай “кампетэнтных служб”

2016 2016-02-23T17:37:05+0300 2016-02-24T08:58:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/krychaucementshifer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Працаўнікі ААТ “Крычаўцаменташыфер” 19 лютага спрабавалі дабіцца адказу ад адміністрацыі прадпрыемства, чаму ў іх змяншаюцца заробкі і калі завод нарэшце пачне стабільна працаваць.

Каля пяцідзесяці работнікаў “Крычаўцэменташыфера” звярнуліся з гэтымі пытаннямі да прадстаўнікоў адміністрацыі завода, аднак нейкага канкрэтнага адказу яны так і не атрымалі, і пасля гэтага ў хуткім часе разышліся.

На некаторых інтэрнэт-рэсурсах з’явілася інфармацыя пра тое, што нібыта на “Крычаўцаменце” 19 лютага працаўнікі прадпрыемства арганізавалі страйк, аднак самі работнікі завода кажуць пра “эмацыйны выбух” супраць пастаяннага пагаршэння сітуацыі на прадпрыемстве. Адміністрацыя прадрыемства сцвярджае, што ніякага выступу працоўных не было.

За мінулы 2015 год з ААТ “Крычаўцэменташыфер” было звольнена 628 чалавек, цалкам спынілася вытворчасць на старым цэментным заводзе, які зараз рыхтуецца да кансервацыі. Згодна неафіцыйных звестак, у 2016 годзе з ААТ “Крычаўцаменташыфер” таксама будзе звольнена яшчэ каля 300 працуючых. Заробкі ў працаўнікоў прадпрыемства рэзка знізіліся, шмат хто атрымлівае пры цяжкой напружанай працы зарплату ў памеры два з паловай мільёны рублёў. Людзей адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі з захаваннем аплаты ў дзве трэціх тарыфнай стаўкі.

Рэдактар крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны кажа пра тое, што і ў Крычаўскім раёне цалкам, і ў ААТ “Крычаўцэменташыфер” пастаянна ўзрастае ўзровень сацыяльнай напружанасці з-за складанага эканамічнага становішча. Новы цэментны завод у вёсцы Каменка быў запушчаны ў эксплуатацыю толькі ў жніўні 2013 года, аднак прадпрыемства пакуль прыносіць толькі страты, існуюць вялізныя праблемы з рэалізацыяй вырабленай прадукцыі. Згодна неафіцыйнай інфармацыі, якасць прадукцыі таксама знізілася. Стары цэментны завод у Крычаве фактычна не працуе, многія яго працаўнікі ўжо звольненыя. Тыя ж працаўнікі, якія пакуль засталіся там працаваць, не ведаюць, што іх чакае ўжо ў бліжэйшы час.

Па словах журналіста, ён не чакае нейкай актывізацыі пратэстаў працоўных у бліжэйшы час, бо людзі на “Крычаўцэменташыферы” баяцца згубіць нават тую працу з невялікімі заробкамі, якую зараз маюць. Знайсці ж нейкую вольную працоўную вакансію ў Крычаўскім раёне вельмі цяжка, за апошнія гады тут зачыніўся цэлы шэраг прадпрыемстваў.

Працаўнікі прадпрыемства таксама негалосна кажуць, што нібыта намесніца генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцэменташыфер” па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй паабяцала, што тыя, хто даў інфармацыю пра выступ працоўных на прадпрыемстве, будуць абавязкова знойдзены “кампетэнтнымі службамі”.

Нагадаем, што былы генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцэменташыфер” Леанід Скоцкі быў асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за злоўжыванне ўладай і хабарніцтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства