viasna on patreon

Апублікавана справаздача па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі

2016 2016-03-02T11:28:24+0300 2016-03-02T12:17:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka_pavel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Праваабарончы цэнтр "Вясна" прааналізаваў сітуацыю ў месцах несвабоды і падрыхтаваў Справаздачу па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі за 2015 год.

Сістэма месцаў несвабоды - пенітэцыярныя ўстановы, закрытыя лячэбныя і закрытыя навучальныя ўстановы, сістэма ЛПП, - існуе па-за грамадскім кантролем. Праваабарончым арганізацыям і іх сябрам адмаўляюць у магчымасці правядзення маніторынгавых мерапрыемстваў у месцах несвабоды. Існуючая сістэма грамадскіх назіральных камісій пры Мінюсце і яго упраўленнях не выконвае ўскладзеныя на яе функцыі.

Таму справаздачы па выніках маніторынгу праваабаронцаў фактычна з'яўляюцца адзінымі агульнадаступнымі крыніцамі адпаведнай інфармацыі. І прадстаўленая справаздача - ужо трэцяя, пачынаючы з 2012 года.

Эксперт у пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы, юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што ў 2015 годзе ў асноўным захавалася ранейшае становішча ў месцах прымусовага ўтрымання. Там, як і раней, парушаюцца правы чалавека, выкарыстоўваецца або заахвочваецца жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае годнасць абыходжанне. Перыядычна становяцца вядомымі выпадкі катаванняў. Катаванні і жорсткае абыходжанне не расследуюцца належным чынам, і гэта развязвае рукі для новых парушэнняў.

«Тыя сур'ёзныя недахопы ў заканадаўстве, з якімі мы звязвалі магчымасць беспакарана парушаць правы зняволеных і на якія ўказвалі раней, не ліквідаваныя», - заключае праваабаронца.

За 2015 год у ПЦ "Вясна" звярталіся людзі з самымі рознымі праблемамі; справы многіх з ліку тых, хто звярнуўся, апісаныя ў самой справаздачы. Былі звароты і па выпадках катаванняў у міліцыі, і па бесчалавечных, прыніжальных ўмовах утрымання ў месцах пазбаўлення волі і адбыцця адміністрацыйнага арышту, і па парушэннях працоўных і сацыяльных правоў зняволеных.

«Мы не абмяжоўваліся простым сузіраннем сітуацыі, а ў сілу сваіх магчымасцяў прапаноўвалі і аказвалі рэальную дапамогу ахвяры.

Некаторыя звароты засталіся вядомымі толькі нам, бо ахвяры катэгарычна адмаўляліся апублікаваць свае выпадкі, абгрунтавана асцерагаючыся за свой далейшы лёс. Аднак яны таксама былі важныя, паколькі дапамаглі абагульніць наяўныя звесткі і пацвердзілі інфармацыю іншых асобаў па падобнай тэматыцы», - кажа Павел Сапелка.

Справаздача складаецца з 12 раздзелаў на 102 старонках і даступна для азнаямлення і запампоўкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства