Падчас візіту ў Мінск Стаўрас Ламбрынідзіс сустрэўся з праваабаронцамі
9 сакавіка спецпрадстаўніку ЕС па правах чалавека і прадстаўнікам няўрадавых праваабарончых арганізацый Беларусі ўдалося абмеркаваць шырокае кола пытанняў.
Разам са спадаром Ламбрынідзісам офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”, дзе праходзіла сустрэча, наведалі кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску Андрэа Віктарын і супрацоўніца прадстаўніцтва па палітычных пытаннях Рэната Врубель.
З боку праваабарончых арганізацыяў у сустрэчы бралі ўдзел Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта, Вольга Смалянка, дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі, Наталля Манькоўская, кіраўніца ПЦ “Ідэнтычнасць”, Таццяна Агеева, намесніца кіраўніка Беларускага дакументацыйнага цэнтру, і Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні ПЦ “Вясна”.
Па выніках размовы праваабаронцы адзначылі, што за паўтары гадзіны ўдалося абмеркаваць з прадстаўнікамі ЕС не толькі бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але і значна шырэйшае кола пытанняў.
Напачатку лютага спадар Ламбрынідзіс у Бруселі сустракаўся з сябрам праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і старшынёй ПЦ “Вясна” Алесем Бяляцкім, якія, у святле аднаўлення дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС, прадставілі Узгодненую пазіцыю праваабаронцаў адносна прыярытэтаў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння міжнародных партнёраў з Беларуссю, сярод падпісантаў якой былі і большасць удзельнікаў сённяшняга мерапрыемства.
Нагадаем, што спецпрадстаўнік Еўрасаюза па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс з 8 па 11 сакавіка знаходзіцца з працоўным візітам у Мінску. 10 сакавіка ён возьме ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якую арганізуе прадстаўніцтва ААН у Беларусі пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі.