viasna on patreon

Міліцыя з Акцябрскага “не змагла ўстанавіць”, хто ў інтэрнэце ганьбіць актывістаў

2016 2016-03-15T13:12:31+0300 2016-03-17T11:37:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Акцябрскага Андрэй Павук напісаў заяву ў мясцовую міліцыю з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асоб, якія абражаюць людзей, распальваюць варожасць па палітычнай прыкмеце, заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў. Але адказ быў такі: немагчыма ўстанавіць дадзеных асоб, няма «тэхнічнай і іншай магчымасці». Міліцыя не знайшла ў выказваннях ні абразы, ні распальвання варожасці, ні заклікаў «разабрацца».

Адна невядомая асоба «Yanina kosmetolog» размясціла ў сацыяльнай сетцы допіс, які сабраў шмат каментароў. «Yanina kosmetolog» пісала: «Іх павінны ведаць у твар! Жыхары Акцябрскага, якія хочуць зрабіць Майдан у краіне, як ва Украіне. Ганяць нашага прэзідэнта, не жадаюць працаваць, хочуць у Еўропу... Вось іх імёны: Андрэй Павук, у яго прага ўлады, хоча заняць месца А.Р. Лукашэнка, Алена Луцковіч – так званая апазіцыя з-пад плоту. Гэта шайка тэрарыстаў. Такое трэба рубіць на карэнні!», - заклікала карыстальнікаў сацыяльнай сеткі асоба.

У заяве ў міліцыю Андрэй Павук нават напісаў, хто менавіта хаваецца за нікам «Yanina kosmetolog». Але міліцыя правяла праверку... і нічога не знайшла. «Дакладна ўстанавіць, каму належыць старонка, не прадстаўляецца магчымым, у сувязі з адсутнасцю тэхнічных і іншых магчымасцяў, таму што дадзеная старонка магла быць створана любым чалавекам», - дала справаздачу міліцыя. Тую ж кабету, на якую спасылаўся Андрэй Павук, міліцыя апытала, але яна проста сказала міліцыі, што не карыстаецца старонкай, і хто ёй карыстаецца – не ведае, і магчыма, яе старонка была ўзламаная. І жанчына Яніна з Бабруйску, і «Yanina kosmetolog» гандлююць касметыкай, і праверыць гэтага не складала ніякай працы – што і паказала перапіска, скрыны якой захаваліся, з дадзенай асобай. Але і гэта не доказ для міліцыі.

Міліцыя не магла ўстанавіць IP-адрас, але гэта з лёгкасцю зрабіў знаёмы школьнік Андрэя Павука, які вызначыў, што і Яніна з Бабруйску, і «Yanina kosmetolog» млгуць мець адзін IP-адрас. Нагадаем, што беларускія правайдэры, згодна заканадаўству, павінны захоўваць гісторыі карыстальнікаў Сеціва. Але і гэтай магчымасцю міліцыя Акцябрскага не скарысталася – напэўна, «не было тэхнічнай магчымасці».

І наогул у выказваннях асобы міліцыя не заўважыла ні распальвання варожасці, ні абраз. «Згодна Канстытуцыі, кожны мае права выказваць сваё меркаванне», - нагадала міліцыя. Вось толькі, як зазначае Андрэй Павук, што было б, калі б замест прозвішчаў актывістаў стаялі прозвішчы, скажам, старшыні райвыканкаму і яго намесніка? І «ідыёт» - гэта таксама, аказваецца, не абраза. «Крытычная, хоць і ў рэзкай форме ацэнка асобы абразай не з'яўляецца», - піша міліцыя ў сваім адказе. Пра «навядзенне порчы» міліцыя напісала, што «асоба не здзяйсняла канкрэтных дзеянняў». Як міліцыя можа ведаць – здзяйсняла ці не, калі яны не ўстанавілі асобу?

«Мне хацелася ведаць – ці здольная наша міліцыя раскрыць злачынства ці правапарушэнне? Аказалася, не. Але тут і добрая навіна – пішыце ў інтэрнэце што заўгодна. А калі што – скажаце: я не карыстаюся старонкай, яе ўзламалі хакеры-ведзьмакі, навялі порчу», - раіць грамадскі актывіст.

Нагадаем, у 2014 годзе Андрэй Павук з паплечнікамі стварыў групу «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Група, якая актыўна інфармавала карыстальнікаў Сеціва пра праблемы жыхароў Акцябрскага раёна, за кароткі час стала папулярнай і заваявала сваю аўдыторыю – зараз мае амаль дзве тысячы падпісчыкаў. Жыхары «Рудабельскага краю», не знайшоўшы паразумення і падтрымкі ў мясцовых уладаў, пачалі звяртацца да адміністратараў групы па дапамогу: недзе ферма не мае даху, у іншай вёсцы – клуб знаходзіцца ў аварыйным стане, у новабудоўлях – развальваюцца сцены, людзі хварэюць на грып, а афіцыйнай інфармацыі няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства