Пратаколы за пікет у падтрымку Надзеі Саўчанка
На ўдзельнікаў пікету ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка каля расійскай амбасады ў Менску 21 сакавіка супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы адміністратыўнага правапарушэння.
Грамадскія актывісты такім чынам чакаюць прысуду Надзеі Саўчанцы пад расійскай амбасадай. Пракуратура патрабуе для ўкраінскай лётчыцы 23 гады зняволення. Прысуд Саўчанцы сталі зачытваць сёння ў расійскім Данецку.
Як паведаміў праваабаронцам грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, акцыя каля амбасады будзе доўжыцца да 18 гадзінаў. Да ўдзельнікаў пікетаў далучаюцца новыя людзі. Вядома, што пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве складзеныя на Дзяніса Красачку, Галіну Цярэнцьеву, Наталлю Басалыгу, Вольгу Нікалайчык, Леаніда Кулакова, Вольгу Маёраву, Яўгена Батуру, Тамару Стому, Ніну Багінскую, Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Алеся Макаева і іншых, чые прозвішчы праваабаронцам пакуль невядомыя.