viasna on patreon

У Віцебску ў міліцыі збілі хлопца, і за гэта ніхто не адкажа?

2016 2016-03-23T09:55:52+0300 2016-03-23T10:02:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/katavanni2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Віцебскі гарадзкі аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь адмовіў студэнту Паўлу Раслякову ў распачацці крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну па факце збіцця. Пра гэта раней паведамляў сайт Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Заява, у якой пацярпелы прасіў прыцягнуць праваахоўнікаў да вызначанай законам адказнасці, была пададзеная ім у верасні мінулага году. Увесь гэты час па справе ішла праверка. 

Юнак вучыцца на другім курсе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай медыцыны, жыве ў інтэрнаце па вуліцы Баўмана. Паводле яго словаў, усё выглядала так:

1 верасня мінулага году яму патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, і папрасіў прыйсці ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну горада для правядзення апытання наконт крадзяжу маёмасці (сістэмнага блоку з маніторам) грамадзяніна Д. Мігунова, які пражывае ў тым самым інтэрнаце, што і Раслякоў. Падчас гутаркі ўжо ў РАУС адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што хлопец мае толькі два варыянты: «добры» і «дрэнны». Першы падразумяваў прызнанне Паўлам віны, што менавіта ён здзейсніў крадзеж маёмасці, за што яму абяцалі прымяніць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Другі, г.зн. «дрэнны», варыянт палягаў у тым, што калі Раслякоў не прызнаецца, то яму дадуць турэмны тэрмін. У момант размовы, паводле словаў Паўла, у кабінеце прысутнічалі трое міліцыянтаў. Пасля таго, як ён сказаў, што нічога ня скраў, адзін з супрацоўнікаў ударыў яго спачатку ў вобласць левага вуха, а пасля такога самага паўторнага адказу нанёс ўдары ў вобласць грудной клеткі, па шчоках і вушах, спрабуючы такім чынам выбіць прызнальныя паказанні.

Пасля таго, што здарылася, у той самы дзень увечары, Павал па патрабаванні бацькоў звярнуўся ў траўмапункт, дзе былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні.

Прозьвішча міліцыянта, які займаўся справай па факце крадзяжу, – С. Грыгор'еў, ён з'яўляецца оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. У выніку праверкі было выяўлена, што сістэмны блок знаходзіцца ў пакоі Раслякова у інтэрнаце. Але, як распавёў Павал, гэта сыстэмны блёк ягонага брата, які зьехаў у іншы горад. Мігуноў ж казаў, што гэта ня так і што гэта яго маёмасць, якую нехта невядомы скраў з камэры захоўвання, якая размешчаная на вахце ў інтэрнаце.

Як сказаў праваахоўнікам бацька Раслякова, ягоны сын да крадзяжоў не датычны і вядзе сацыяльна карысны лад жыцця.

У пастанове аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы гаворыцца, што Раслякова апытвалі ў адным кабінэце з заяўнікам Мігуновым, што пасля вуснай гутаркі яго адразу адпусцілі дадому, што ніхто з супрацоўнікаў міліцыі яго ня біў, і нічога, што зневажае гонар і годнасць, у ягоны адрас сказана не было.

Паводле Мігунова, апытанне оперупаўнаважаны Грыгор'еў праводзіў у ветлівай форме, тон голасу не павышаў, паводзіў сябе карэктна, псіхалагічнага ціску ні на яго, ні на Раслякова не аказвалася, фізічная сіла да іх не ўжывалася.

Акрамя таго, як адзначаецца ў афіцыйным дакуменце, Павал у кабінеце на апытанні паводзіў сябе дзіўна.

На думку Мігунова, сваімі ілжывымі заявамі Раслякоў спрабаваў завесці следзтва ў тупік і пазбегнуць адказнасці за тое, што здзейсніў, г.зн. за крадзеж.

Падчас праверкі па справе былі апытаныя супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, якія прысутнічалі ў некаторыя моманты апытання, бо заходзілі ў кабінэт падчас яго правядзення, а таксама супрацоўнікі, якія даведаліся пра гэтую сітуацыі ад самога аператыўніка Грыгор'ева. Усе яны характарызуюць яго як чалавека спакойнага, ураўнаважанага і сумленнага, як ветлівага і карэктнага супрацоўніка.

Праўда, судова-мэдычная экспертыза, якую правялі 2 верасня, паказала, што ў Паўла сапраўды маюцца сінякі на левым вуху, на грудной клетцы, якія з'явіліся ў тэрмін да сутак да таго, як яго аглядаў экспэрт.

У адпаведнасці з пастановай, праверка ня выявіла дадзеных, якія паказваюць на зьдзяйсьненне оперупаўнаважаным С. Грыгор'евым супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Раслякова. Адпаведна, ў распачынанні крымінальнай справы адмоўлена.

"Віцебская Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства