viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Не хацелася б, каб Польшча была адвакатам аўтарытарнай Беларусі перад Захадам

2016 2016-03-23T13:16:06+0300 2016-03-23T13:28:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/waszczykouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Фота: EPA

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Фота: EPA

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” пракаментаваў афіцыйны візіт Міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, які знаходзіцца ў Мінску 22 – 23 сакавіка.

У аўторак адбылася сустрэча сп.Вашчыкоўскага з беларускім калегам Уладзімірам Макеем, падчас якой, паводле прэс-службы МЗС, абмяркоўваўся “ўвесь спектр двухбаковых адносін”, пры гэтым асаблівая ўвага была нададзена “тэматыцы эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянню ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый, сітуацыі ў рэгіёне”.

Увечары ж польскі міністр сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі. Нэ гэты прыём быў запрошаны і старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці падзяліліся з міністрам сваімі поглядамі на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку і на становішча з правамі чалавека.

Каментуючы гэты візіт Беларускаму Радыё Рацыя, кіраўнік “Вясны” адзначыў, што падобныя візіты ўлады Беларусі хочуць выкарыстоўваць найперш у эканамічных пытаннях і ў дробных пытаннях, якія не тычацца сур’ёзных праблемаў – такіх, як правы чалавека.

“Нават калі размова пра гэта будзе весціся, наўрад ці мы ў бліжэйшы час пачуем больш за тое, што беларускія ўлады сказалі Еўразвязу пасля зняцця санкцый. Не хацелася б, каб Польшча была адвакатам Беларусі, у якой існуе аўтарытарны рэжым, для паляпшэння стасункаў з Захадам. Беларускім уладам трэба зрабіць яшчэ багата працы, каб падцягнуцца да агульнапрызнаных стандартаў, замацаваных у міжнародных пагадненнях, якія падпісала Беларусь”.

Як нагадвае БелаПАН, за некалькі дзён да прыезду ў Мінск Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв`ю Польскаму радыё заявіў: "Мы хочам будаваць нармальныя еўрапейскія адносіны, заснаваныя на еўрапейскіх стандартах, для таго каб аднавіць сувязі з Беларуссю, а таксама схіліць ўладу гэтай краіны па-еўрапейску ставіцца да сваіх грамадзянаў, у тым ліку да польскай меншасці. Не атрымаецца клапаціцца пра польскую меншасць, не аднавіўшы дыялог з беларускімі ўладамі".

Апошні раз міністр замежных спраў Польшчы наведваў Беларусь больш за пяць гадоў таму. У лістападзе 2010 года Радаслаў Сікорскі, які тады займаў гэту пасаду, прыязджаў у Мінск разам са сваім нямецкім калегам Гіда Вестэрвэле, яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было незадоўга да выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня. Выбары, як вядома, завяршыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі пратэсту і арыштам апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, пасля чаго адносіны афіцыйнага Мінска з Польшчай і Еўразвязам у цэлым былі замарожаныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства