Мікалай Аўтуховіч: Я і не ведаў, што стаю на прафілактычным уліку
“Учора нечакана атрымаў павестку з аддзела правапарадку. Выклікалі нават мінуючы майго ўчастковага. Я таму патэлефанаваў, той толькі рукамі развёў – маўляў, не ведаю, чаму так атрымалася. Таму ў мяне з’явіліся падазрэнні, што, магчыма, гэта звязана з тым, каб я не паехаў 31 сакавіка ў Гродна ў суд над прадпрымальнікам Сяргеем Ламекам”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
У міліцыі Мікалаю Аўтуховічу сказалі, што ён стаіць на прафілактычным уліку.
“Пра гэта я нават і не здагадваўся, – кажа ён. – Адным словам, пагутарылі са мной, папярэдзілі, каб не парушаў закон. “Я ведаю закон і ведаю правы па Канстытуцыі”, – сказаў у адказ. Увогуле, прафілактычны нагляд – гэта назіранне за “ненадзейным” чалавекам, які можа парушыць закон. Выклікаюць на камісію, папярэджваюць. Але што тут папярэджваць?Я ж не хаваюся – жыву, працую”.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч – прадпрымальнік з Ваўкавыска, ветэран афганскай вайны і грамадскі актывіст. У красавіку 2014 года выйшаў на волю пасля больш чым пяці гадоў зняволення па абвінавачанні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў – у яго было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Пасля вызвалення над Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд, але затым яго знялі.
У турме Аўтуховіч адбываў пакаранне двойчы. Першы раз ён быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі.
У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.