У Нароўлі міліцыя затрымала журналістаў
3 красавіка журналіста-фрылансера Алеся Залеўскага, відэааператара, кіроўцу і галоўнага героя рэпартажу Івана Віткоўскага затрымала міліцыя. Некалькі гадзінаў яны правялі ў Нараўлянскім РАУСе, давалі тлумачэнні наконт сваіх здымкаў. У тым ліку, здымачнай брыгадзе закідвалі, нібыта, незаконныя здымкі адміністрацыйных будынкаў на плошчы Леніна ў раённым цэнтры. Між іншым, міліцыянтаў цікавіла, якой скіраванасці будзе будучы матэрыял пра ліквідатара. У РАУСе міліцыянты агледзелі ўвесь адзняты матэрыял.
"Я разумею іх працу, бо законы такія, якія яны ёсць, - каментуе журналіст Алесь Залеўскі, - але я, натуральна, супраць такой практыкі і такіх законаў".
Іван Віткоўскі паўгады працаваў на ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. У выніку сваёй працы стаў інвалідам. Не раз незалежныя СМІ рабілі матэрыялы пра мужнага палешука.
"Гэта проста бязладдзе, - абураецца ліквідатар Іван Віткоўскі, - Навошта затрымліваць за здымкі людзей? Што яны кепскага рабілі? Я паўгады працаваў на ліквідацыі наступстваў аварыі. Каб не такія дурныя іваны як я, дык зона была б не па Нароўлю, а па Мінск была б тая зона. Вось ужо 30 гадоў мінула з аварыі, да мяне ні разу не завітаў журналіст ні з раённай, ні з рэспубліканскай газеты ці тэлебачання. Вось, нядаўна мне казалі, што карэспандэнт "Савецкай Беларусі" прыязджаў у Нароўлю рабіць матэрыял пра ліквідатараў, дык, нібыта, ян мяне не знайшоў. Каб хацеў, дык знайшоў бы. Сёння на плошчы была здымачная група тэлеканала "АНТ". Я да іх падышоў, запытаўся ці не затрымлівалі і іх, распавёў ім пра затрыманне іх калегаў. Яне не паверылі што такое можа быць".
Напярэдадні да ліквідатара таксама прыязджалі журналісты. Праўда, абышлося без затрымання, але іх дакументы на машыну доўга вывучаў супрацоўнік ДАІ, а потым з імі меў размову намеснік начальніка Нараўлянскага РАУСа.