viasna on patreon

Прыгоды Мікалая Статкевіча на мяжы

2016 2016-04-13T12:47:09+0300 2016-04-13T12:48:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/statkevich-hiket-2015-09-23.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аўтамабіль, у якім вярталіся з Польшчы экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, быў ноччу затрыманы на памежным пункце ў Бераставіцы.

“Усё гэта нагадвала тэатр, – распавёў Мікалай Статкевіч сайту palitviazni.info. – Я прайшоў праз турмы, а мяне хацелі напалохаць тым, што канфіскавалі нейкі стары пыласос…”

“Мяне запрасілі беларусы Гданьска выступіць на мерапрыемствах, якія праходзілі з 8 па 10 красавіка падчас фестываля салідарнасці з Беларушчынай,– кажа палітык. –Вырашылі з жонкай з’едзіць у Гданьск на аўтамабілі. У Польшчы было ўсё прыстойна, людзей прыйшло шмат на сустрэчу, а назад мы вырашылі вяртацца ў Беларусь праз Бераставіцу”.

Са слоў Статкевіча, вось тут і пачаліся самыя сапраўдныя прыгоды.

“На мяжы, атрымаўшы пашпарт, памежнікі ўпалі ў паніку,– працягвае ён. –Папрасілі ад’ехаць у бок, пачалі агляд. Але ж мы на закупы не ездзілі, у нас былі толькі асабістыя рэчы. Адзін раз аглядзелі, другі, а затым наогул сказалі загнаць машыну ў бокс. На нас глядзелі ўвесь час напалоханыя памежнікі. І, нарэшце, праз некалькі гадзін, сярод ночы, на памежны пункт прыехалі судовыя выканаўцы з Гародні, якія сталі патрабаваць ізноў агляду машыны і канфіскацыі асабістых рэчаў у кошт штрафаў, якія накладзена на мяне за рознага кшталту акцыі. Хаця яны ўжо ведалі, што на машыну не маюць права пасягаць, бо гэта маёмасць толькі Марыны. І тады спрабавалі, каб я ім даў пашпарт, каб грошы аддаў, якія былі ў мяне ў кішэні”.

У рэшце рэшт, у машыне нічога вартага не знайшлі, а таму вырашылі канфіскаваць… стары аўтамабільны пыласос, які Марыне Адамовіч падарыў яе сын, ды яшчэ чамусьці два кубкі з сімволікай “Белсата”, якія падарылі экс-кандыдату ў прэзідэнты.

“Я не ведаю, што яны будуць рабіць з гэтымі кубкамі, – усміхаецца спадар Статкевіч. – Іх жа не прададуць, бо гэта будзе рэклама апазіцыйнага тэлеканала… А, калі сур’ёзна, то скандал цягнуўся агулам каля чатырох гадзін, пасля чаго мне давялося нават напісаць некалькі тэкстаў у Кнігу заўваг і прапаноў, чаму памежнікі былі вельмі незадаволеныя. Пасля чаго мы з’ехалі, як я лічу, з малымі стратамі. Мне ўвогуле дзіўна, колькі траціць высілкаў дзяржаўная машына, каб канфіскаваць маленькі пыласосік”.

Мікалай Статкевіч зазначае, што дагляд, магчыма, быў звязаны яшчэ і з тым, што 7 красавіка ў судзе Ленінскага раёна разглядалася справа аб нейкіх абмежаваннях у адносінах да яго, але палітык нават не цікавіўся, што суд вырашыў.

“Усё гэта я нават не разглядаю, як спробу выцягнуць з мяне нейкую маёмасць,– кажа ён. –Хацелі проста папсаваць нам з жонкай нервы, каб мы ноч не спалі, праверыць маю рэакцыю на матэрыяльныя страты. Але мне проста смешна. Я прайшоў праз турмы, а мяне хацелі напалохаць тым, што канфіскавалі нейкі стары пыласос…”

palitviazni.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства