viasna on patreon

У Светлагорску міліцыя з ужываннем фізічнай сілы затрымала журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага (фота)

2016 2016-04-13T14:37:29+0300 2016-04-13T14:43:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zukouski-zatrymanne-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Светлагорску 13 красавіка прыкладна ў 14.00 быў затрыманы міліцыяй з ужываннем фізічнай сілы гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі. Пра гэта паведаміла відавочца падзеяў, жыхарка Светлагорску Алена Маслюкова. Па яе словах, у будынку Светлагорскага райвыканкаму ў 14.00 планавалася сустрэча кіраўніцтва раёна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. На дадзеную сустрэчу хацеў трапіць індывідуальны прадпрымальнік, грамадскі актывіст Юрый Ляшэнка. Але ён не здолеў трапіць на другі паверх райвыканкаму па прычыне адсутнасці там безбар'ернага асяродку (Юрый Ляшэнка – інвалід-вазочнік першай групы).

Там жа, каля будынку райвыканкаму знаходзіўся журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі. Да яго падышла супрацоўніца аддзелу ідэалагічнай працы райвыканкаму Ала Манькевіч з прэтэнзіяй, што фрылансер не мае права праводзіць здымкі. Кастусь Жукоўскі адказаў, што здымаць на відэа не забаронена заканадаўствам. Тады супрацоўнік аддзелу ідэалогіі выклікала міліцыю, якая прыбыла за лічаныя хвіліны. На той момант фрылансер ужо зайшоў у будынак райвыканкаму. «Я бачыла, што яго міліцыя выводзіла з будынку, літаральна цягнула, з ужываннем сілы. Кастуся Жукоўскага павезлі ў РАУС для разбіральніцтва», - удакладніла Алена Маслюкова.

Нагадаем, журналіст-фрылансер шмат разоў затрымліваўся міліцыяй за ажыццяўленне здымкаў. Яго судзілі па артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) з пачатку году ўжо ў Карме, Калінкавічах, Жыткавічах, Мазыры, Гомелю, Жлобіне. Агулам штрафы склалі больш за 70 мільёнаў рублёў.

Фота Алены Маслюковай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства