viasna on patreon

У Полацку пратэстуюць супраць звальнення актывіста Свабоднага прафсаюзу Міколы Шараха

2016 2016-04-14T15:20:47+0300 2016-04-14T15:21:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sharah-mikola-polack.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Шарах.

Мікалай Шарах.

Спадар Шарах –  намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сябра Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленні працоўнага заканадаўства, актывіст “пярвічкі” СПБ на ААТ “Полацк-Шкловалакно”. Сябры па прафсаюзе падалі заяўку на пікет, каб дамагчыся працягнення з ім працоўнага кантракту. Таксама яны накіроўваюць лісты ў адміністрацыю прадпрыемства, пратэстуючы супраць звальнення калегі.

Каля месяца таму Мікола Шарах  атрымаў папярэджанне пра непрацягненне кантракта з 30 красавіка. Ён працуе памочнікам майстра ў цэху вытворчасці шкловалакна №7, мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу і дзве вышэйшыя адукацыі – спецыяльную і юрыдычную. Апошняя дапамагае яму бараніць інтарэсы працаўнікоў, і не толькі на “Шкловалакне” – прафсаюзныя актывісты аказваюць прававую дапамогу і рабочым іншых прадпрыемстваў і арганізацый.

Гэтая акалічнасць з’яўляецца галоўнай, калі гаварыць пра пошукі падставаў для непрацягнення кантракту. Так лічыць Віктар Стукаў, кіраўнік “пярвічкі” СПБ на ААТ “Полацк-Шкловалакно”:
“Паводле калектыўнай дамовы, з нашага прадпрыемства нельга звольніць работніка, калі яму застацца меньш як тры гады да пенсійнага ўзросту. Міколу Шараху ў траўні споўніцца 58, і  з ім нельга было б не працягнуць кантракт, каб адміністрацыя не схітравала. Яшчэ адзін крытэр, апрача ўзроставага – гэта каб чалавек не меў працоўных спагнанняў. Раней у калектыўнай дамове было запісана,  што спагнанняў нельга мець напрацягу апошняга году. Аднак 1 сакавіка, якраз напярэдадні падзеяў з Міколам, калектыўную дамову змянілі: запісалі, што спагнанняў нельга мець ні за год, ні за два, і нават ні за тры – а за ўвесь тэрмін кантракту! І тут жа знайшлі тры зачэпкі: спазненне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, прагул аднаго працоўнага дня ў 2012 годзе, калі Мікола быў на замежным семінары, і  адзінкавае дробнае парушэнне тэхнікі бяспекі ў 2012 годзе. Дарэчы, Міколу як прадстаўніка СПБ, не дапусцілі якраз на тое пасяджэнне камісіі па працоўных перамовах, дзе прымаліся гэтыя змены”.

Змены ў калектыўнай дамове Віктар Стукаў лічыць незаконнымі, бо яны заведама пагаршаюць становішча працоўных. А гэта супярэчыць Працоўнаму кодэксу. Пра парушэнні заканадаўства на прадпрыемстве ён лічыць неабходным паведаміць усім гараджанам, і таму падаў заяўку на пікет, які прафсаюзныя актывісты збіраюцца правесці 28 красавіка.

“Паводле папярэджання, 29 красавіка ў Міколы апошні працоўны дзень. Таму 28 красавіка мы будзем патрабаваць, каб кантракт з ім усё ж працягнулі. Нашы мэты на пікеце – гэта інфармаванне жыхароў і збор подпісаў пад скаргай у прэзідэнцкую адміністрацыю. А нашы патрабаванні – гэта і праца для Міколы Шараха, і скасаванне незаконных зменаў у працоўнай дамове, і спыненне дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце, якая на “Шкловалакне” даўно відавочная”, - гаворыць Віктар Стукаў.

Ён кажа, што пікет адбудзецца ў любым выпадку. І зварот да мясцовых уладаў – гэта не просьба пра дазвол акцыі, а апавяшчэнне, што яна адбудзецца. Бо ў адпаведнасці з артыкулам 3 Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы №87 аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы дзяржаўныя ўлады не маюць права перашкаджаць прафсаюзнай дзейнасці ў любой форме, у тым ліку і падчас масавых акцый.

Арганізатары бяруць уласна на сябе адказнасць за захаванне правапарадку і чысціні на тэрыторыі правядзення акцыі, а таксама за клопат пра стан здароўя ўдзельнікаў.

Пікет мае адбыцца 28 красавіка з 10.00 да 12.30 на пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма”. Апрача гэтага, актывісты СПБ распачалі кампанію лістоў пратэсту з патрабаваннем працягнуць кантракт з Міколам Шарахам, якія накіроўваюць ў адміністрацыю прадпрыемства.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства