viasna on patreon

Палітыка Алеся Лагвінца будуць судзіць за Дзень Волі

2016 2016-04-19T14:34:15+0300 2016-04-19T14:35:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lahviniec-2014.jpg
Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

На аднаго з арганізатараў акцыі на Дзень Волі, намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца склалі пратакол за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. 28 красавіка адбудзецца суд,паведамляепрэс-служба руху «За свабоду».

«25 сакавіка, в 18.50 па праспекце Незалежнасці, 73 у г. Мінску прыняў актыўны ўдзел у несанкцыяваным мітынгу без дазволу Мінгарвыканкаму, што выяўлялася ў сумесным масавым знаходжанні грамадзянаў па ўказанаму адрасу, выкрыківаў лозунгі, чым парушыў прадугледжаны арт. 10 Закона РБ «Аб масавых мерапрыемствах»», — сказана ў пратаколе за подпісам старэйшага ўчастковага інспектара Савецкага РУУС Мінска Віталія Ермаловіча.

Па ягоных дадзеных, у дзеяннях Лагвінца заўважаныя прыкметы парушэння артыкула 23.34 ч.1 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) КоАП.

«Бачна, што мне прыйшоў «тыповы пратакол» на заяўніка Дня Волі. Пратакол — узор міліцэйскага фармалізму і непрафесійнасці», — пракаментаваў сайту Pyx.by Алесь Лагвінец.

Па-першае, кажа ён, «пратакол ігнаруе факт, што «сумеснае масавае знаходжанне» грамадзянаў па адрасе пр-т Незалежнасьці, 73 было дазволенае Мінгарвыканкамам як месца збору ўдзельнікаў святкавання».

«Па-другое, як арганізатар я знаходзіўся на месцы збору грамадзянаў, якія нават паводле вельмі недэмакратычнага закону «Аб масавых мепрапрыемствах» маюць права падчас збору абмяркоўваць УГОЛАС мэты і прычыны іхнага сходу. Як арганізатар я зачытаў зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да беларускага народу», — дадаў намеснік старшыні руху «За Свабоду».

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што у «старэйшага лейтэнанта Віталія Ермаловіча, відаць, збіўся гадзіньнік, бо зварот старшыні Сурвілы я зачытаў а 18.30, а не а 18.50».

«Непрафесіяналізм міліцыі таксама праяўляецца ў тым, што яны адмаўляюцца перакрыць рух транспарту на момант перасячэння вуліцаў удзельнікамі шэсця. Прымушаючы людзей праз пагрозы і запужванні спыняцца на перакрыжаваннях, яны ствараюць істотныя пагрозы для жыцця і здароўя ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў», — заключыў Алесь Лагвінец.

Суд па справе намесніка старшыні Руху прызначаны на 17:00 28 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску. Суддзя на працэсе — Наталля Вайцяховіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства