“Крычаўскае жыццё” так і не выбачылася перад сваімі падпісчыкамі
Рэдакцыя крычаўскай раённай газеты “Крычаўскае жыццё” да гэтага часу не надрукавала на старонках выдання выбачэнняў перад сваімі падпісчыкамі за тое, што не забяспечала выхад аплочаных імі чатырох нумароў раёнкі ў 2015 годзе. Таксама “Крычаўскае жыццё” так і не змясціла інфармацыю, што падпісчыкі могуць атрымаць кампенсацыю за нявыйшаўшыя нумары газеты, падаўшы адпаведныя заявы.
Крычаўскі журналіст і грамадскі актывіст Мікалай Гердзій кажа, што пасля таго, як 18 сакавіка ён атрымаў афіцыйны ліст з выбачэннямі ад галоўнага рэдактара “Крычаўскага жыцця” Таццяны Іўкінай, ён спадзяваўся, што Іўкіна праз газету папросіць прабачэння і ў іншых падпісчыкаў газеты. Была надзея, што таксама рэдакцыя газеты адразу верне грошы іншым шасці з паловай тысячам сваіх падпісчыкаў, перад якімі “Крычаўскае жыццё” не выканала заяўленыя абавязкі.
На вялікі жаль, гэтага не адбылося. Да гэтага часу выбачэнняў на старонках “Крычаўскага жыцця” так і не з’явілася, як і інфармацыі аб тым, што кожны падпісчык газеты можа атрымаць грошы за нявыдадзеныя 4 нумары пасля падачы адпаведнай заявы. Затое днямі рэдакцыя “Крычаўскага жыцця” набыла новы аўтамабіль “УАЗ-Патрыёт”, які каштуе прыкладна 270 мільёнаў беларускіх рублёў. Прычым новае аўто рэдакцыі спатрэбілася ўжо пасля таго, як кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці скарачэння бюджэтных расходаў на 25%, адзначае Мікалай Гердзій.
На думку журналіста, такая падкрэсленая непавага да падпісчыкаў з боку рэдакцыі “Крычаўскага жыцця” магчымая толькі таму, што галоўны рэдактар газеты Таццяна Іўкіна адчувае поўную падтрымку з боку Крычаўскага райвыканкама і яго старшыні Васіля Сысоева. Менавіта Крычаўскі райвыканкам праз супрацоўнікаў ідэалагічнага аддзела (і не толькі) праводзіў пасяджэнні штабоў па падпісцы і фактычна прымушаў працаўнікоў розных арганізацый падпісвацца на “Крычаўскае жыццё” і іншыя выданні. Зараз жа ён разам з рэдакцыяй “Крычаўскага жыцця” выказвае поўную непавагу да тысяч падпісчыкаў газеты, перад якімі так і не выбачыліся і не кампенсавалі страты, кажа Гердзій.
Нагадаем, што спадар Гердзій звяртаўся на “прамую тэлефонную лінію” да старшыні Крычаўскага райвыканкама Васіля Сысоева з пытаннем, чаму рэдакцыя газеты “Крычаўскае жыццё” не вяртае грошы падпісчыкам выдання за нявыйшаўшыя ў 2015 годзе чатыры нумары газеты.
У сваім адказе галоўны рэдактар “Крычаўскага жыцця” Таццяна Іўкіна паведаміла актывісту, што ў 2015 годзе некаторыя дні выхада раённай газеты супалі з святочнымі днямі і таму “у сувязі з форс-мажорнымі абставінамі” выхад раённай газеты ажыццяўляўся адзін раз на тыдзень замест двух.
Рэдакцыя газеты прынесла свае выбачэнні Мікалаю Гердзію за панесеныя ім матэрыяльныя страты і паабяцала ў далейшым не дапускаць падобных фактаў. Таксама спадарыня Іўкіна падзякавала за клопат пра ўсіх іншых падпісчыкаў газеты і паведаміла, што на аснове заяў усе патрабаванні падпісчыкаў газеты на кампенсацыю матэрыяльных стратаў задавальняюцца па меры іх паступлення.
Згодна падпіснога каталога, у 2015 годзе павінна было быць надрукавана і дастаўлена падпісчыкам 104 нумары раённай газеты “Крычаўскае жыццё”, - 51 нумар у першым паўгоддзі і 53 у другім. За усе гэтыя нумары падпісчыкі заплацілі грошы з уласнай кішэні, аднак у 2015 годзе фактычна выйшла ўсяго толькі 100 нумароў “Крычаўскага жыцця” – 48 нумароў у першым паўгоддзі і 52 у другім.
Усяго на “Крычаўскае жыццё” у 2015 годзе падпісаліся каля шасці з паловай тысяч чалавек, таму колькасць людзей вельмі значная, як і агульная сума, якую яны пераплацілі за чатыры нявыйшаўшыя нумары “чэснай” дзяржаўнай газеты.
Большасць іншых раённых газет Магілёўскай вобласці, нягледзячы на святочныя дні і “форс-мажорныя абставіны”, свае абавязкі перад падпісчыкамі ў 2015 годзе выканалі.