viasna on patreon

У Наваполацку пададзена заяўка на пікет па сацыяльных праблемах

2016 2016-04-24T10:53:07+0300 2016-04-24T10:54:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svab-shodau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Наваполацкі гарвыканкам звярнуўся мясцовы актывіст Міхаіл Біёнчык, але ў падрыхтоўцы акцыі збіраюцца ўдзельнічаць некалькі тутэйшых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Пікет плануецца правесці  7 траўня.

У нядзелю на пікеце мае шанцы пабываць больш людзей, правесці яго хочуць у цэнтры Наваполацка – насупраць гандлёвага цэнтру «Пралеска».

Як паведамляе на стваёй старонцы ў ФБ наваполацкі актывіст Яўген Парчынскі, «мэта акцыі – выражэнне пратэсту у сувязі з прыняццем дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», падвышэннем пенсійнага ўзросту; патрабаванне вярнуць у працоўны стаж тэрмін службы ў войску, адпачынак па догляду за дзіцем, навучанне ў ВНУ, перыяд догляду інваліда першай групы або дзіцяці-інваліда, а таксама пажылага чалавека ва ўзросце ад 80-гадоў».

Звяртаючыся да ўладаў, спадар Біёнчык зазначае, што мае права на правядзенне пікета згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, з заканадаўствам аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, а таксама паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У заяўцы гаворыцца, што забеспячэнне правапарадку, чысціні на месцы пікета, а таксама адказнасць за стан здароўя ўдзельнікаў  бярэ на сябе асабіста заяўнік: ён гатовы мець пры сабе аптэчку з лекамі і прыбраць тэрытрорыю пасля акцыі, калі гэта неабходна.

Аднак у рашэнні Наваполацкага гарвыканкама, якое рэгламентуе правядзенне масавых акцый, запісана, што прыборку мусяць праводзіць службы ЖКГ, за парадкам абавязана сачыць міліцыя, а падчас вулічных мерапрыемстваў павінна быць арганізавана дзяжурства медыкаў. І што з усімі гэтымі службамі трэба загадзя заключыць дамовы – перш, чым звяртацца ў гарвыканкам.

Як паказвае практыка, згаданыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, а мясцовыя ўлады на гэтай падставе адмаўляюць заяўнікам у іх праве праводзіць акцыі. Прынамсі, так было на працягу мінулых гадоў. Што да апошняга выпадку,   то адказ на сваю заяўку Міхаіл Біёнчык мусіць  атрымаць не пазней як 2 траўня  - не менш як за 5 дзён да запланаванага актывістамі пікета.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства