На экс-палітвязня Васьковіча склалі пратакол пасля публікацыі пра пікет
24 красавіка былога палітвязня, журналіста «Бобруйского курьера» і сябра ГА«БАЖ» Яўгена Глаголева-Васьковіча выклікалі па тэлефоне да ўчастковага інспектара.
Як патлумачыў міліцыянт, на Яўгена складзены пратакол па арт. 23.34 ч.1 КаАП – нібыта за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.
Больш чым за тры тыдні да гэтага, 31 сакавіка, Яўген Глаголеў-Васьковіч па заданні рэдакцыі«Бобруйского курьера» (у якім ён працуе карэспандэнтам) асвятляў у Слоніме пікет бабруйскіх актывістаў прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Публікацыя пра гэтае мерапрыемства – «Бабруйскія актывісты прафсаюзу РЭП падтрымалі свайго слонімскага калегу» – з’явілася на сайце «Бобруйского курьера» 2 красавіка. У пікеце журналіст удзелу не браў.
Між тым, 8 красавіка ў Слоніме на Яўгена завочна склалі пратакол як на парушальніка «вызначанага парадку» правядзення масавых мерапрыемстваў. Затым матэрыялы яго адміністрацыйнай справы пераслалі ў Бабруйск.
Увечары 24 красавіка журналіст наведаў апорны пункт № 8 аддзялення міліцыі Ленінскага раёна Бабруйскага УУС. Там склалі пратакол апытання, да якога далучылі пісьмовае рэдакцыйнае заданне «Бабруйскага кур'ера» за подпісам галоўнага рэдактара Анатоля Санаценкі, скрыншот публікацыі на сайце «БК» і раздрукоўку гэтага матэрыялу ў Word.
Дазнаўца ад УУС даў зразумець Яўгену, што ў хуткім часе яго могуць выклікаць у суд.