viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Чарнобыльскі Шлях – 2016”

2016 2016-04-27T11:23:45+0300 2016-07-25T12:14:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/charnobyl-2016-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Назіральнікі за масавым мерапрыемствам "Чарнобыльскі шлях-2016".

Назіральнікі за масавым мерапрыемствам "Чарнобыльскі шлях-2016".

26 красавіка 2016 года ў Мінску адбылося масавае мерапрыемства з 18 па 20:40 гадзін. Дадзенае мерапрыемства адбываецца штогод з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне масавага мерапрыемства на 26 красавіка 2016 года у наступным парадку: збор удзельнікаў дэманстрацыі з 18:00 да 18.30 на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр “Кастрычнік” (пр.Незалежнасці, 73); дэманстрацыя па маршруце: па тратуарах пр.Незалежнасці – вул.Сурганава, вул.Арлоўская да скрыжавання з вул.Л.Карастаянавай – пляцоўка каля памятнага знаку “Ахвярам Чарнобыля” з 18:30 да 20:00; мітынг з ускладаннем кветак з 20:00 да 21:00 на пляцоўцы каля памятнага знаку “Ахвярам Чарнобыля” з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 950 чалавек.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 26 красавіка 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 9 назіральнікаў, а таксама 2 назіральнікі ад Міжнароднай Сеткі Назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”).
  2. Арганізатарамі былі выкананыя патрабаванняў заканадаўства пры падачы заяўкі, але сама працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу і патрабаванне па аплаце за паслугі ў сувязі з гэтым супярэчыць міжнародным стандартам і дэвальвуе права на мірны сход. Ахова масавага мерапрыемства – важная частка пазітыўных абавязкаў дзяржавы па спрыянні рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы. Рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год мае наступны змест: “…адмяніць дазвольны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў і патрабаванне аб аплаце арганізатарамі расходаў на забеспячэнне грамадскага парадку і медыцынскае суправаджэнне, якая падлягае абавязковаму выкананню пры правядзенні такіх мерапрыемстваў”.
  3. Права на мірны сход і перамяшчэнне ўдзельнікаў былі істотна абмежаваныя ў частцы выстаўлення турнікетаў пад кінатэатрам “Кастрычнік” і даглядам для праходу на дазволенае месца мітынгу ў бок капліцы. Неабходнасць такіх мераў не зразумелая і не патлумачаная.
  4. Трэба адзначыцьстаноўчы фактар павялічэння колькасці супрацоўнікаў міліцыі ў форме з магчымасцю ідэнтыфікацыі праз нагрудныя знакі, але ў той жа час значная частка супрацоўнікаў АМАПу і ДПС была толькі ў форме без знакаў адрознення. Супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы без магчымасці ідэнтыфікаваць была пераважная большасць як і раней.
  5. Негатыўным фактарам застаецца абмежаванні па перамяшчэнні на дарожных пераходах, дзе супрацоўнікі ДАІ спынялі і разрывалі рух калоны замест стварэння магчымасці бесперашкоднага руху.
  6. Станоўчым фактарам таксама з’яўляецца больш актыўная камунікацыйная здольнасць супрацоўнікаў міліцыі, у прыватнасці, намеснік начальніка ГУУС Кубракоў Іван Уладзіміравіч адказаў на пытанні назіральнікаў па сутнасці, хаця інфармацыйная група ад ГУУС Мінгарвыканкама адсутнічала, як і не змаглі знайсці адказнага за камунікацыю Бакача Андрэя Сяргеевіча.

 

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Першапачаткова на месцы збору прысутнічала 450 удзельнікаў каля 18:10. Падчас дэманстрацыі іх колькасць даходзіла да 700 чалавек, праз агароджаную частку да памятнага знаку прайшло толькі каля 40 чалавек праз складанасці патраплення;

- Колькасць супрацоўнікаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 12 чалавек, супрацоўнікі ў форме з надпісам “міліцыя” –15 чалавек, супрацоўнікі ў форме з надпісам “АМАП” – 32, каля 50 – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі: кайданкі, гумовыя палкі, сродкі звязвання;

- Падчас шэсця супрацоўнікі ДАІ стрымлівалі калону на перакрыжаваннях, да таго часу, пакуль на святлафоры не загаралася зялёнае святло, такім чынам разбівалі рух калоны на 3-4 часткі цягам усёй дэманстрацыі;

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору, але частка тэрыторыі (каля 20 метраў ад праспекту) была агароджаная, і пры спробе стаць там удзельнікам з расцяжкамі ўзнік канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі. Патрапіць на месца мітынгу было складана праз асабісты дагляд, дагляд рэчаў па незразумелых падставах, што прымусіла ўдзельнікаў і арганізатараў прыняць рашэнне адмовіцца ад правядзення мітынгу;

- У цэлым адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ;

- Перашкоды ў працы назіральнікаў не зафіксаваныя;

- Усе арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі, група ўдзельнікаў са спецыяльнай функцыяй кіравання дэманстрацыяй і яе аховы ад імя арганізатараў (дружына) адсутнічала;

-  Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана;

- удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: Чорная расцяжка “Чарнобыльскі шлях”, плакат “SOS”, расцяжка “Астравец - другі Чарнобыль”, плакат “Эдуард Пальчыс. Наш Джон Сільвер. У кіпцюрах ФСБ. За сайт 1863”, лялькавая труна “Чарнобыль - Дыягназ душы ППРБ”, плакат “Чарнобыль ды Лукашэнка - беларуская трагедыя”, плакат “Труба нас кліча. Чарнобыльскі шлях 30 гадоў пасля катастрофы”, дзіцячы плакат “Мы з намаляванай сям’ёй, якую акружае радыяцыя”, плакат “Почему мы ничему не учимся”, плакат “Астравец: да пенсіі не дажывем. Што 60, што 63, для радыяцыі няма розніцы”, чорная расцяжка “Чернобыль продолжается”, зялёны плакат “Экалагічная мудрасць. Сацыяльная роўнасць. Самакіраванне”, плакат з намаляваным двугаловым будаўніком “Это я построил АЭС”, чорны банер з зялёным арнаментам “Шануй Прыроду, Шануй Беларусь”, чорная расцяжка “Зямля перадусім”, плакат “поЛУраспАД”, зялёны банер “Альтэрнатыва - зялёная будучыня”, плакат “Капитализм зеленым не бывает”, плакат “АЭС: прибыль ваша, жизни наши”, плакат “АЭС в Островце - эксперимент над нами”, плакат “Драздуны нясуць пагрозу”, плакат “Дроздунов в зону”, шыльдачка з намаляваным сымбалем радыацыі і намаляваным ракам, паміж каторымі стаіць знак раўно; плакат “Кірыл Сілівончык. Беларус у кіпцюрах ФСБ”, банер “Не расейскай ядзернай пагрозе”, плакат “АЭС - Рэгрэс”, плакат “Лишь бы не было АЭС”, плакат “Расія спыніся - хопіць знішчаць”, плакат “Дешевле не достроить”, плакат “Бог ёсць любоў”, плакат “Продукты из зоны - в меню Дроздунам”, расцяжка “Нет самострою Островецкой АЭС”, транспарант “НЕ ТРуХАЙ РОВД”, банэр “СТОП - АЭС”, Плакат “Лишь бы не было АЭС”, плакат “Слишком маленькая страна для 2-х ядерных ошибок”, плакат “Маяк, Чернобыль, Фукусима - может хватит наступать на одни и те же грабли?”, банер “Нет самострою астровецкой аэс”. Выкарыстоўваліся фаеры;

- выкарыстоўвалася наступная сімволіка: 12 бела-чырвона-белыя сцягоў, сцяг Украіны, сцягі “Еўрапейскай Беларусі”, Штандарт БНФ з Пагоняй, 5 Чорна-чырвона-чорных сцягоў, сцягі "Гавары праўду", 2 дыяганальныя чорна-зялёныя сцягі, 1 сцяг Партыі БХД і 1 сцяг “Маладога Фронту”, Зялёныя сцягі “Беларуская партыя Зялёныя”;

- ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Не АЭС у Беларусі”, “Атом мирным не бывает- даже дети это знают”, “На зарплаты денег нет- на АЭС ушел бюджет”, “Не-за-леж-насць”, "Выше-выше черный флаг- государство главный враг", Лозунг “Улада СС будуе АЭС”, Лозунг-крычалка “Капіталізм зялёным не бывае”, Лозунг «Не хотим детей уродов, против ядерных отходов!», Лозунг “Помнить - значит бороться”;

- падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу;

- былі заўважаныя 2 машыны хуткай дапамогі.

 

 

 

ІІІ.Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні і пры патрапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Мінгарвыканкаму:

* Не абмяжоўваць беспадстаўна права на мірныя сходы праз стварэнне перашкоды па патрапленні на месцы збору і мітынгу, а таксама накладаннем абавязкаў на арганізатараў па аплаце грамадскага парадку, працы санітарных і медычных службаў;

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

* забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства