Пра віцебскіх ліквідатараў зноў забыліся. Цяпер ужо публічна
У Віцебску ўлады ўпершыню адзначалі ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі разам з ліквідатарамі наступстваў аварыі. Ліквідатараў ужо сталага веку сабралася ўсяго пад дзясятак чалавек. Падчас імпрэзы, арганізаванай гарвыканкамам, нікому з іх не тое, што не прапанавалі выступіць – нават іхных імёнаў не назвалі прысутным.
26 красавіка ў Віцебску ішоў дождж, а таму імпрэзу, якая планавалася каля Успенскага сабору, улады распарадзіліся перанесці ўнутр. Чыноўнікі выступалі, кадэты і спецкласы па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прысутнічалі, а вось пра галоўных герояў – забыліся.
“Пра нас забыліся даўно, яшчэ нават да таго, як у дакоментах пачалі пісаць не “ліквідатары наступстваў катастрофы на ЧАЭС”, а “пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС”. Нібыта мы там аказаліся па ўласным глупству ці з уласнага капрызу! Мы ж ратавалі сваю Радзіму! Але стаўленне да ліквідатараў нават не такое, як да воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ратавалі іншыя народы. Я не хачу прынізіць іх памяць, іхны подзьвіг, але ж не трэба зневажаць і нас!”—кажа палкоўнік у адстаўцы Анатоль Гнеўка, які камандаваў штабам па ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобылі ў 1988 годзе.
Штогод віцебскія ліквідатары выходзяць на традыцыйную акцыю - пускаюць па Дзвіне вянок з жалобнай стужкай, на якой напісана “Героям-ліквідатарам ад нас, жывых”. Напярдадні штогадовай падзеі яны хадзілі да ўладаў, каб нагадаць пра сваё існаванне і параіца, якім чынам годна адзначыць 30-я ўгодкі трагічных падзеяў. Атрымалі завярэнні, што ўсё будзе зроблена найлепшым чынам. Аднак падчас імпрэзы ніводнаму з шарагоўцаў-ліквіатараў не далі слова для выступу і не адгукнуліся на просьбе хаця б зрабіць аб’яву – пра тое, каб людзі далучыліся да акцыі на беразе Дзвіны.
Пускалі вянок тыя самае некалькі чалавек, што і заўжды – начале з анатолем Гнеўкам. І віцебскія актывісты далучыліся да працягу акцыі: у Дзвіну пусьцілі папяровыя караблікі з імёнамі і прозвішчамі тых, хто загінуў пасля выканання абавязку перад Радзімай – пасля аварыі на ЧАЭС і ліквідацыі наступстваў.