Баранавічы: прызначаны дзень суду над прафсаюзным актывістам
Баранавіцкі прафсаюзны актывіст Аляксандр Швед атрымаў позву ў суд за ўдзел у акцыі, якую ладзілі 31 сакавіка сябры незалежнага прафсаюзу РЭП у Слоніме, каля прахадной мясцовага камвольнага камбіната.
Пратакол адміністрацыйнага правапарушэння складзены па артыкуле 23.34 КаАП ў адсутнасць актывіста. Доказам удзелу актывіста ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паслужылі фотаздымкі.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, актывісты прафсаюзу РЭП правялі 31 сакавіка пікет у падтрымку свайго актывіста Міхаіла Сошка ў Слоніме. Слесару 6-га разраду са «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» Міхаілу Сошку кіраўніцтва не працягнула кантракт. Міхаіл адпрацаваў на фабрыцы 30 год. Згодна з калектыўнаю дамоваю на прадпрыемстве яму павінны былі працягнуць кантракт да дасягнення пенсійнага ўзросту.