viasna on patreon

Наваполацк: рашэнне аб масавых мерапрыемствах неабходна прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам

2016 2016-05-02T13:50:17+0300 2016-05-02T15:47:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/novopolockiy_gorispolkom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наваполацкі гарвыканкам. Фота: ximik.info

Наваполацкі гарвыканкам. Фота: ximik.info

Грамадскія актывісты і праваабаронцы Полацка і Наваполацка правялі ў мінулыя выходныя круглы стол, каб абмеркаваць праблему неадпаведнасці рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах дзеючаму заканадаўству. Згодна з рашэннем Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта №858 ад 9 верасня 2011 года аплата расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, робіцца арганiзатарам (арганiзатарамi) масавых мерапрыемстваў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і копіі дакументаў аб прадастаўленні гэтых паслуг накіроўваюцца ў гарвыканкам адначасова з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства. Аднак на практыцы ў міліцыі дамову падпісаць немагчыма да атрымання дазволу гарвыканкамам.

Праваабаронца Зміцер Салаўёў лічыць гэта не зусім слушным, паколькі заяўнікі і арганізатары масавых мерапрыемстваў не павінны загадзя, да атрымання дазволу на правядзенне мітынгу альбо пікету аплочваць паслугі па іх ахове і гэтае рашэнне Наваполацкага гарвыканкама супярэчыць пункту 5 Пастановы Савета міністраў №207:  

“Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў (далей - АУС) для разгляду пытанняў, звязаных з аховай грамадскага парадку і забеспячэннем грамадскай бяспекі, і выпрацоўкі адпаведных прапаноў”.

Не задавальняе праваабаронцаў і адсутнасць выбару месцаў для правядзення мітынгаў альбо пікетаў. Так, у Наваполацку адзіным пастаянным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны гарадскі парк культуры і адпачынку, які больш нагадвае лес, чым месца масавага адпачынку.

Удзельнікі круглага стала вырашылі патрабаваць прывядзення ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам рашэння мясцовага выканаўчага органу ўлады ў Наваполацку, а затым паспрабаваць гэта зрабіць і ў іншых гарадах. Яны падрыхтавалі і накіравалі ў Наваполацкі гарвыканкам  адпаведную заяву аб неабходнасці ўнясення зменаў у рашэнне ад 9 верасня 2011 года.

Па словах Зміцера Салаўёва, раней праваабаронцы дамагліся ўнясення падобных зменаў у мясцовае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у некаторых гарадах, напрыклад, у Брэсце, зараз паспрабуць гэта зрабіць у іншых месцах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства