Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2016
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2016
Высновы
- цягам красавіка не адбылося якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія дэманструюць імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;
- 12 красавіка стала вядома, што пастановай суда Фрунзенскага р-на г. Менска дзеянні 80-гадовага менчука Аляксандра Лапіцкага, які абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынстваў па артыкулах 368 КК («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 ( «Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля»), былі прызнаныя несвядомымі, а абвінавачаны вызвалены ў сувязі з гэтым ад крымінальнай адказнасці з прымяненнем прымусовых захадаў бяспекі і псіхіятрычнага лячэння. У сувязі з гэтым ПЦ "Вясна" выступіў з заявай, у якой у чарговы раз заклікаў улады краіны да дэкрыміналізацыі падобных дзеянняў, а таксама спыніць крымінальны пераслед за дыфамацыйныя правапарушэнні;
- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, які ўключае таксама шырокі спектр такіх прававых захадаў, як памілаванне, амністыя, умоўна-датэрміновае вызваленне;
- нягледзячы на тое, што ўсе несанкцыянаваныя мірныя сходы на працягу месяца прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку і не былі гвалтоўна спыненыя, удзельнікаў і арганізатараў дадзеных сходаў працягвалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. Усяго на працягу сакавіка зафіксавана 40 выпадкаў прыцягнення грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел або арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;
- улады працягвалі практыку выбарчага, палітычна матываванага падыходу да рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый;
- 8 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага. Скарга была пакінутая без задавальнення, а вынесены Менскім абласным судом прысуд без зменаў. Прысуд уступіў у законную сілу.
Палітычна матываваны крымінальны пераслед
11 красавіка ПЦ "Вясна" стала вядома пра крымінальны пераслед, распачаты ў дачыненні да 80-гадовага менчука Аляксандра Лапіцкага.
12 красавіка пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Менска было ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нічыпаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтая дзея здзейсненая ў несвядомым стане. У дачыненні да А. Лапіцкага ўжытыя прымусовыя захады бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.
У сувязі з гэтым ПЦ "Вясна" выступіў з заявай, у якой у чарговы раз заклікаў улады краіны да дэкрыміналізацыі падобных дзеянняў, а таксама спынення крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя правапарушэнні, разглядаючы ў якасці першага кроку адмену артыкулаў 367, 368, 369 , 369-1, 391 Крымінальнага кодэкса.
У заяве таксама адзначаецца, што рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна з меркаванняў бяспекі грамадзянаў і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасці такіх пагрозаў – не замахвацца на яго асабістую свабоду.
У месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, які ўключае таксама шырокі спектр такіх прававых захадаў, як памілаванне, амністыя, умоўна-датэрміновага вызваленне.
Парушэнні свабоды асацыяцыяў, ціск на праваабаронцаў
18 красавіка Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне не задавальняць скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).
Аргкамітэту БХД у шосты раз адмоўлена ў рэгістрацыі партыі. Першы ўстаноўчы з'езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м – яшчэ два. Чацвёртая спроба рэгістрацыі партыі была зробленая ў снежні 2011-га, а пяты ўстаноўчы з'езд адбыўся 13 чэрвеня 2015 года. Адзначым, што хрысціянскія дэмакраты Беларусі не аднойчы спрабавалі зарэгістравацца таксама ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў.
У Гродне абласны суд адмовіў заяўнікам у задавальненні скаргі на адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання «Матчын рух 328». Ініцыятыва аб'яднала сваякоў асуджаных; мэтай ініцыятывы з'яўляецца аказанне матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі асуджаным і іх сем'ям, а таксама іх інфармацыйная і юрыдычная падтрымка.
29 красавіка стала вядома, што Мінюст у пяты раз за шэсць гадоў адмовіў у рэгістрацыі кампаніі «Гавары праўду». Прычынай адмовы ў рэгістрацыі сталі няпэўна сфармуляваныя, на думку ведамства, мэты дзейнасці аб'яднання і не размежаваныя функцый двух лідэраў кампаніі.
Эксперты ПЦ "Вясна" неаднаразова адзначалі, што дадзеныя адмовы ў рэгістрацыі носяць выбарчы, палітычна матываваны характар і ніякім чынам не звязаныя з дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды асацыяцыяў, якія змяшчаюцца ў арт. 5 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ч. 2 арт. 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Працягваецца кампанія ціску і дыскрэдытацыі праваабаронцы з г. Гомеля Леаніда Судаленкі. Так, у адным з нумароў газеты «Белорусская военная газета», якая з'яўляецца цэнтральным друкаваным органам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, быў змешчаны артыкул журналіста Уладзіміра Кажэўнікава «Каму выгадна ганьбіць беларускае войска?». У дадзеным артыкуле ствараецца негатыўны вобраз як асабіста праваабаронцы Л. Судаленкі, так і прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці ў цэлым. Акрамя таго, журналіст «Белорусской военной газеты» абвінавачвае Л. Судаленку ў тым, што той ганіць сваю краіну шляхам падачы скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН.
Леанід Судаленка падаў пазоў да выдання аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Справа будзе разглядацца судом Цэнтральнага р-на г. Менска.
Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў
У красавіку па-ранейшаму ўладамі без падставаў абмяжоўвалася права на мірныя сходы, хоць мерапрыемствы, якія праводзіліся без дазволу, супрацоўнікамі міліцыі не разганяліся. Арганізатары і актыўныя ўдзельнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў. Пачаўся працэс прымусовага спагнання штрафаў з тых актывістаў, якія не заплацілі іх у добраахвотным парадку.
У судзе Маскоўскага раёна Менска 6 красавіка адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў каля будынку Міністэрства падаткаў і збораў, які прайшоў 14 сакавіка гэтага года. Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пакараны штрафам у памеры 15 базавых велічынь (3 млн 150 тыс. рублёў). Адзін з сузаснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец пакараны штрафам у памеры 9,45 млн рублёў (45 базавых велічыняў).
Штрафамі пакараныя ўдзельнікі несанкцыянаванага пікету салідарнасці з Надзеяй Саўчанка каля расійскай амбасады ў Менску 21 сакавіка.
28 красавіка ў Менску адбыліся суды над удзельнікамі Дня Волі. Паколькі дазволенае шэсце часткова праходзіла не па заяўленым маршруце, на многіх удзельнікаў масавага мерапрыемства былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэтыя ўдзельнікі шэсця пакараныя штрафам.
Грамадскі актывіст Рыгор Грык у Баранавічах пакараны штрафам у памеры 40 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП РБ. Прыцягненне яго да адказнасці суправаджалася грубымі парушэннямі працэсуальнага заканадаўства.
Супрацоўнікамі міліцыі груба парушанае права Наталлі Саматыя на мірныя сходы: 26 красавіка яна была спыненая ў метро супрацоўнікамі аховы і затрыманая пасля агляду рэчаў. Яна ехала на дазволеную ўладамі акцыю «Чарнобыльскі шлях» і везла з сабой выраблены ўласнаручна плакат-расцяжку. Ён быў канфіскаваны, а жанчыну, якая мае сур'ёзнае захворванне, даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе ноч пратрымалі ў камеры. Раніцай быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.
У сувязі з наяўнасцю, па звестках аддзела прымусовага выканання, неаплачанага штрафу, у актывіста Леаніда Кулакова судовыя выканаўцы арыштавалі аўтамабіль, які выкарыстоўваецца ім для працы таксістам, што прама супярэчыць абмежаванням, якiя ўстаноўлены законам: не распаўсюджваецца спагнанне на інвентар, неабходны для працягу прафесійных заняткаў, і пры гэтым яго кошт не перавышае 1000 базавых велічынь. Актывіст абскардзіў гэтыя дзеянні.
У грамадзянскага актывіста – прадпрымальніка Алеся Макаева – судовыя выканаўцы арыштавалі і канфіскавалі тавар, прызначаны да рэалізацыі, для пакрыцця нявыплачаных штрафаў за ўдзел у мірных сходах.
Між тым, спробы актывістаў атрымаць дазволы на правядзенне мерапрыемстваў ва ўстаноўленым законам парадку сустракаюць адмовы ўладаў.
Актывіст Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Сердзюкоў атрымаў дазвол на правядзенне пікету каля былога Палаца культуры завода штучнага валакна ў Магілёве, аднак пасля яму паведамілі, што паколькі заяўнікі мерапрыемствы не заключылі дамовы на абслугоўванне пікету з адпаведнымі службамі, дазволу на яго правядзенне выканкам не дае.
У Баранавічах улады забаранілі праводзіць забег супраць зніжэння ўзроўню жыцця; ініцыятарам забегу быў мясцовы актывіст і індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус, які паказаў у сваёй заяўцы, што акцыя павінна адбыцца 8 красавіка з удзелам да 10 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. У якасці месца для правядзення забегу была прапанаваная пляцоўка ў старым парку культуры і адпачынку (яна вызначаная Баранавіцкім гарвыканкамам для падобных масавых мерапрыемстваў) або любое іншае месца ў горадзе. Аднак мясцовыя ўлады забаранілі акцыю на той падставе, што ў заяўцы нібыта ёсць супярэчнасці (няма выразна акрэсленага месца правядзення забегу), а таксама не выкананае патрабаванне артыкула 5 Закона «Аб масавых мерапрыемствах» (артыкул тычыцца пытання афармлення заяўкі і прыкладаемых дакументаў). Мікалай Чарнавус лічыць, што чыноўнікі з гарвыканкама знайшлі фармальныя прычыны, каб не дазволіць акцыю пратэсту.
Другі мітынг, які планаваўся на 21 сакавіка на вызначанай уладамі пляцоўцы ў старым парку культуры і адпачынку, не быў дазволены, паколькі Мікалай Чарнавус узяў на сябе забеспячэнне грамадскага парадку, бяспекі, медыцынскага абслугоўвання падчас акцыі і правядзенне ўборкі тэрыторыі масавага мерапрыемства. У гарвыканкаме палічылі, што гэтыя захады для акцыі з удзелам да тысячы чалавек (як было пазначана ў заяўцы) недастатковыя, а Чарнавус не прадаставіў копіі заключаных дамоваў з адпаведнымі службамі.
Запланаваную акцыю супраць павышэння пенсійнага ўзросту, удзельнікі якой хацелі высадзіць сімвалічныя 58 вербаў і 63 дубы, Баранавіцкі гарвыканкам таксама забараніў, хоць яна павінна была праводзіцца ў вызначаным для такіх мэтаў месцы.
Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Яўген Анішчанка звярнуўся з заяўкай у Аршанскі райвыканкам на вулічную акцыю, каб абмеркаваць з землякамі праблему "замарожанай" будоўлі новага корпуса бальніцы імя Сямашкі. Аднак адказ з райвыканкама ён не атрымаў, а ў выканкаме яму растлумачылі, што ў правядзенні мерапрыемства адмоўлена ў сувязі з адсутнасцю дамоваў на ўборку, медыцынскае абслугоўванне і ахову грамадскага парадку.
Прааналізаваўшы сітуацыю, Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 красавіка 2016 года выступіў з заявай, дзе адзначыў як станоўчую тэндэнцыю той факт, што, пачынаючы са жніўня 2015 года, мірныя сходы, якія праходзяць у г. Менску і іншых гарадах Беларусі без дазволу мясцовых органаў улады, ня спыняюцца праваахоўнымі органамі, іх удзельнікі не затрымліваюцца і не падвяргаюцца адміністрацыйным спагнанням у выглядзе арыштаў. У той жа час адзначана, што прыцягненне грамадзянаў, якія бяруць удзел у мірных сходах, да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў з'яўляецца парушэннем іх права на свабоду мірных сходаў і выказванне меркаванне. У шэрагу выпадкаў накладанне непамерных, відавочна непрапарцыйных штрафаў цягне за сабой парушэнне іншых канстытуцыйных правоў грамадзянаў, свабоды перамяшчэння ў прыватнасці. У заяве адзначана, што практыка правядзення апошніх сходаў прадэманстравала іх абсалютна мірны характар. У час іх правядзення ўдзельнікі і арганізатары не парушалі грамадскі парадак, не рабілі якіх-небудзь супрацьпраўных дзеянняў, якія б уяўлялі пагрозу нацыянальнай бяспецы і правам іншых грамадзянаў, маральнасці насельніцтва. Акцэнтаваная ўвага на тым, што дзеючае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах робіць практычна немагчымым атрыманне ад мясцовых выканаўчых органаў улады дазволу на правядзенне сходаў, накладае на іх арганізатараў матэрыяльныя абавязальніцтвы па іх правядзенні (ахове грамадскага парадку, медыцынскім забеспячэнні і ўборцы тэрыторыі), змяшчае іншыя абмежавальныя і рэпрэсіўныя нормы. Падводзячы вынік, Праваабарончы цэнтр "Вясна" настойліва заклікаў улады спыніць пераслед грамадзянаў у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання.
Пераслед журналістаў
У красавіку працягнуліся выпадкі перашкоджання дзейнасці і прыцягнення незалежных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці.
Штрафам у памеры 25 базавых велічынь суд пакараў журналіста-фрылансера Ларысу Шчыракову. Яе абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ, праца без акрэдытацыі на замежнае СМІ). Ларыса Шчыракова падрыхтавала відэасюжэт аб праблемах жыхароў невялікага пасёлка Бальшавік ў Гомельскай вобласці.
13 красавіка ў Светлагорску за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці быў затрыманы міліцыяй з ужываннем фізычнай сілы гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі.
15 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў, складзеных міліцыяй у дачыненні да журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Ларысы Шчыраковай. Іх абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП – незаконны выраб прадукцыі СМІ — і пакаралі штрафам у памеры 35 базавых велічынь кожнага.
Журналіст Алесь Залеўскі і здымачная група былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі на некалькі гадзінаў у п. Нароўля Гомельскай вобласці і былі вымушаныя даваць тлумачэнні аб сваёй дзейнасці, у тым ліку аб меркаваным змесце рыхтаванага матэрыялу.
Следчы камітэт пасля трохмесячнай праверкі вырашыў не пачынаць крымінальную справу па факце збіцця журналіста TUT.BY Паўла Дабравольскага ў будынку суда Фрунзенскага раёна 25 студзеня. Следчы пагадзіўся з версіяй супрацоўнікаў міліцыі і адзначыў, што Дабравольскі сваімі дзеяннямі даў падставы лічыць сябе правапарушальнікам, а значыць прымяненне сілы да яго было апраўданае.
Парушэнне права на інфармацыю
20 красавіка суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Гаргадзэ задаволіла заяву Брэсцкай мытні і прызнала кнігі «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» экстрэмісцкай літаратурай. Алесь Чахольскі, у якога былі канфіскаваныя кнігі, абвясціў аб намеры абскардзіць і гэтае рашэнне.
Кніга «Добрая фатаграфія» з'яўляецца зборнікам эсэ пра фатаграфію з краінаў Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» (Зянон Пазняк напісаў яе разам з Валерам Буйвалам) уяўляе сабой зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных абароне месцаў масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
25 красавіка суд Ленінскага раёна г. Менска разгледзеў скаргу Яўгена Жураўскага на вынясенне папярэджання пра «недапушчальнасць распаўсюду экстрэмісцкай сімволікі». Такое папярэджанне было вынесенае хлопцу яшчэ 12 студзеня 2015 г. намеснікам начальніка Ленінскага РУУС Дубовікам С.Ф. На падставе паказанняў супрацоўнікаў РУУС і тлумачэнняў заяўніка суддзя вынес рашэнне аб адхіленні скаргі. Падставы прыняцця такога рашэння будуць вядомыя пасля складання матывіровачнай часткі рашэння суда.
Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне
Праваабаронцы "Вясны" выказалі абурэнне з нагоды патрабаванняў прэзідэнта зрабіць больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання для асуджаных па наркатычных артыкулах: на нарадзе, прысвечанай праблеме наркабізнесу і наркаманіі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да ўмоваў утрымання асобаў, асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Гэта патрабаванне тычыцца як бытавых умоваў, так і дысцыплінарнай практыкі, механізмаў ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
Па выніках нарады начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка паведаміў журналістам, што МУС ўзмоцніць дысцыплінарную практыку ў дачыненні да асуджаных, "больш якасна" будзе падыходзіць да пытанняў арганізацыі іх працы. "Маральна-бытавыя ўмовы для гэтых асобаў будуць значна горшымі, чым для ўсіх астатніх асуджаных", — дадаў ён і адзначыў, што падыходы да кожнага зняволенага будуць індывідуальныя. Праваабарончы цэнтр "Вясна" бачыць у такім падыходзе пагрозу стварэння жорсткіх, бесчалавечных і прыніжальных умоваў для асобных катэгорый зняволеных.
У ПЦ "Вясна" звярталася Марына Багданава ў сувязі са смерцю сына ў турме № 8 г. Жодзіна, дзе ён утрымліваўся пад вартай. Маці лічыла, што медыкі і персанал турмы неналежна выканалі свае прафесійныя абавязкі. Не чакаючы высноваў эксперта пра прычыну смерці, следчы СК вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Звярнуўшыся ў Следчы камітэт са скаргай, Марына Багданава атрымала абяцанні адмяніць пастанову, аднак яе патрабаванне распачаць крымінальную справу па факце гібелі сына задаволенае не было. Адказ службовай асобы СК абскарджаны ў пракуратуры.
Смяротнае пакаранне
Калегія Вярхоўнага суда не задаволіла скаргу Генадзя Якавіцкага на смяротны прысуд. Разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага адбыўся 8 красавіка ў Вярхоўным судзе. Калегія Вярхоўнага суда скаргу не задаволіла. 5 студзеня Менскі абласны суд вынес Генадзю Якавіцкаму смяротны прысуд за забойства сваёй сужыцелькі, учыненае з асаблівай жорсткасцю. 20 студзеня прысуджаны да пакарання смерцю жыхар Вілейкі накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд.
Адпаведнай заявай ад 12 красавіка, якую распаўсюдзіла знешнепалітычная служба Еўрапейскага Саюза, ЕС асудзіў прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі і заклікаў паважаць права на жыццё кожнага з сваіх грамадзянаў і далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яго поўнай адмены. Еўрапейскі саюз заклікаў Беларусь працягваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з беларускім грамадствам па гэтым пытанні.
З пачатку 2016 года ў Беларусі былі вынесеныя два смяротныя прысуды: у дачыненні да Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага. Прысуд у дачыненні да С. Хмялеўскага ўступіць у законную сілу пасля разгляду скаргі судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Прысуды, вынесеныя раней у дачыненні да Івана Кулеша і Сяргея Іванова, ужо ўступілі ў законную сілу.