viasna on patreon

Да праверкі гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага падключыліся падатковыя інспектары

2016 2016-05-03T08:34:40+0300 2016-05-03T08:36:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zukouski-kastus-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў патрабаванне ад Інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Цэнтральнаму раёну Гомеля даць тлумачэнні адносна крыніц даходу за пяць прайшоўшых год.

У лісце, за подпісам намесніцы начальніка інспекцыі Евы Зубрэй сказана, што пры супастаўленні даходаў і расходаў устаноўлена перавышэнне расходаў над даходамі за апошнія тры гады ў памеры 31,9 мільёна рублёў.

– Кожны год я своечасова падаваў дэкларацыі пра асабістыя даходы. Выглядае, што ў падрахунках чыноўнікаў не ўлічаны мае прыбыткі ад зарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці і продажу аўтамашыны. Таму, на іх погляд, і атрымліваецца такая розніца. Падобная сітуацыя ўзнікала і раней, калі мае расходы чыноўнікі падлічвалі па курсу валюты на момант праверкі.

У выніку публічна выглядае нібыта так, што я ў жыцці раблю большыя выдаткі, чым дэкларую прыбыткаў. Але думаю, што за мяне ўзяліся ўжо і па лініі падатковай інспекцыі. Раней былі міліцыя, суды, а цяпер далучыліся яшчэ і падаткоўцы”, – заявіў прэс-службе ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.

Нагадаем, што за сваю фрылансерскую дзейнасць і супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” міліцыя склала супраць Жукоўскага за мінулы і сёлетні гады паўтара дзесятка адміністрацыйных пратаколаў. На падставе іх раённыя суды Гомельскай вобласці аштрафавалі фрылансера агулам больш, як на 77 мільёнаў рублёў.

Калі ў падрахунках падатковай інспекцыі велічыні даходаў і расходаў будуць адрознівацца, а тлумачэнні Жукоўскага не будуць прыняты, яму давядзецца яшчэ і заплаціць падатак з сумы, якая перавышае расходы над задэклараванымі даходамі.

"Гомельская Вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства