viasna on patreon

Заява з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка “Крытычнай масы” Дзмітрыя Паліенкі

2016 2016-05-06T16:34:30+0300 2016-05-11T12:01:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць непрапарцыйнай мерай пераследу сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі ў выглядзе ўтрымання пад вартай за падзеі 29 красавіка 2016 года. На падставе сабранай інфармацыі з публічных крыніц, апытання ўдзельнікаў падзей і міжнародных стандартаў правоў чалавека заяўляем наступнае:

Штомесячныя акцыі ў Мінску “Крытычнай масы” з’яўляюцца формай выказвання меркавання ўдзельнікаў і расцэньваюцца намі як мірныя сходы ў кантэксце артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, у тым ліку акцыя 29 красавіка 2016 года. Згодна Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па свабодзе мірных сходаў ўлады маюць пазітыўныя абавязкі па садзеянні рэалізацыі дадзеных правоў, абароне ўдзельнікаў (п. 2.2), нават у тым выпадку, калі гэта непрацяглы час замінае руху транспарту (п. 20). У дадзеным выпадку супрацоўнікі міліцыі прысутнічалі на месцы збору і падчас руху раварыстаў, але замест аховы і спрыянню правядзення мерапрыемства праз 20 хвілін ажыццявілі непрапарцыйна гвалтоўнае спыненне акцыі.  У выніку адміністрацыйна пераследуюцца 6 чалавек, у тым ліку адзін назіральнік. Пры спыненні ўдзельнікаў супрацоўнікамі ДАІ і АМАПу затрыманым былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні і сапсаваная іх маёмасць.

Інцыдэнт, які адбыўся 29 красавіка каля 19:40 у раёне абеліску “Мінск - горад-герой” патрабуе дэталёвага даследавання і аб’ектыўнай прававой ацэнкі як дзеянняў удзельнікаў акцыі, так і дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ. Узбуджэнне крымінальнай справы па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў") супраць Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенкі не павінна быць справакаванай формай пераследу ўдзельнікаў мірнай акцыі. Таксама звяртаем увагу на тое, што згодна міжнародных стандартаў абранне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту з’яўляецца скрайней мерай для ажыццяўлення следства, калі падазраваны можа ўяўляць небяспеку грамадству, альбо ёсць пагроза яго ўхілення ад следства. Характар дзеянняў Дзмітрыя Паліенкі ў дадзеным выпадку і адна толькі цяжкасць санкцыі артыкула 364 Крымінальнага кодэкса не можа быць падставай для ўтрымання пад вартай на час следства.

Сыходзячы з дадзеных фактаў, расцэньваем пераслед удзельнікаў гэтай акцыі як вынік выказвання імі меркавання, абмежавання права на мірныя сходы, а таксама адзначаем непрапарцыйнасць ужывання гвалту ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманнях.

Патрабуем вызваліць Дзмітрыя Паліенку да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў і назіральнікаў.

Мінск, 06 траўня 2016

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства