Міліцыя ў Маладзечна двойчы складала пратаколы на актывістаў прадпрымальніцкага руху
Супрацоўнікі міліцыі Маладзечанскага РАЎСа ўсталявалі 14 траўня ў пэўным сэнсе антырэкорд, склаўшы двойчы за адзін дзень пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на адных і тых жа актывістаў незарэгiстраванага Камітэта выратавання прадпрымальніцтва (КВП). Участковыя інспектары і капітаны міліцыі Раман Ахметаў і Максім Пaўчaнкa ўбачылі парушэнне часткі 3 артыкула 23.34 КoАП РБ у паводзінах старшыні Барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алеся Абрамовіча. Апошні спачатку з мегафонам у руках ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце на рынку Маладзечанскага райпо, якi перарос ў пратэстны мітынг прадпрымальнікаў супраць антыпрадпрымальніцкіх, на думку дзеячаў КВП, прэзідэнцкіх указаў №222 і №48. Затым тое ж самае ён рабіў каля крамы «Суседзі» па праспекце Вялікі Гасцінец, Пратакол на рынку Маладзечанскага райпо аформіў на Абрамовіча Ахметаў, а каля крамы «Суседзі» – Пaўчaнкa.
Як паведаміў праваабаронцам Алесь Абрамовіч, аналагічна супрацоўнікі Маладзечанскага РАЎС паводзiлi сябе як у дачыненні да лідэра пратэстнага прадпрымальніцкага руху ў Беларусі Алеся Макаева, так і арганізатара мітынгу на рынку райпо горада Маладзечна і кіраўніка абласной арганізацыі незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Пракаповіча. На іх таксама былі складзеныя па два пратаколы па тым жа артыкуле за ўдзел у тых жа дзеяннях, у якіх удзельнічаў і Алесь Абрамовіч.
Нягледзячы на такі прэсінг з боку мясцовых праваахоўнікаў, актывісты КВП змаглі сабраць амаль сотню подпісаў пад калектыўным зваротам у Канстытуцыйны суд РБ. У ім дзеячы КВП заклікаюць, у прыватнасці, да прызнання неканстытуцыйнымі згаданых указаў прэзідэнта РБ, якія забараняюць у тым ліку і гандаль без сертыфiкатаў ўвезенымі з іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза таварамі.