Фірму былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі
15 мая экс-палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які ў Ваўкавыску працуе прадпрымальнікам, быў абраны выканаўцам абавязкаў старшыні руху салідарнасці «Разам». Такое рашэнне было прынятае на з’ездзе арганізацыі, якая ў Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.
А некалькімі днямі раней ён даведаўся, што яго фірму «Ніка-таксі 22222» пазбавілі ліцэнзіі.
“Чыноўнікі, магчыма, вырашылі, што Аўтуховічу час закрыць рот,– распавёў Мікалай Аўтуховіч сайту palitviazni.info. –Маўляў, трэба адпомсціць. А я на самай справе неаднойчы паказваў, як непрафесійна працуюць транспартнікі. Я гэты непрафесіяналізм паказваў. Тыя пазлаваліся, даслалі праверку, і, як вынік, – пазбаўленне ліцэнзіі. Гэта – помста!”
“Я не адразу пагадзіўся ўзначаліць рух, але, у рэшце рэшт, мяне пераканалі гэта зрабіць, – распавядае Мікалай пра сваю новую пасаду. – Хаця адказнасць, безумоўна, вялікая, разумею гэта. Але я – адказны чалавек, і, калі бяруся за нейкую справу, то стараюся рабіць яе добрасумленна. Бо не люблю кідацца пустымі словамі і не хачу губляць той аўтарытэт, які зарабіў за сваё жыццё на іспытах, што прайшоў”.
Па словах Мікалая Аўтуховіча, яго бізнес у Ваўкавыску не стане перашкодай для работы ў руху па той простай прычыне, што днямі фірму… пазбавілі ліцэнзіі.
“У мінулую пятніцу на фірму патэлефанавалі і паведамілі, што ў нас забралі ліцэнзію, – распавядае ён. – Папярэдзілі, што працаваць яшчэ зможам два тыдні. А ліцэнзіі пазбавілі толькі за тое, што адзін з нашых работнікаў своечасова не змог прайсці тэхагляд. Дарэчы, за тое парушэнне мы яшчэ ў снежні мінулага году панеслі пакаранне – тады абласны Гаспадарчы суд Гродна прысудзіў нам штраф, які і аплацілі. Дарэчы, гэта было першае парушэнне, і нас маглі проста папярэдзіць. А зараз як мінімум 25 чалавек апынуцца без працы. І ў кожнага ёсць сем’і, хтосьці ўзяў крэдыты… А знайсці працу ў раённым цэнтры – практычна немагчыма”.
Спадар Аўтуховіч мяркуе, што абскарджваць гэтае рашэнне транспартнікаў не мае сэнсу.
“Нас цэлы год білі ні за што, чапляліся да кожнай дробязі, – працягвае суразмоўца. – На нядаўняй сустрэчы з міністрам транспарту я распавёў таму пра сітуацыю, што склалася. У нас цэлы стос дакументаў, якія збіраемся перадаць у пракуратуру. Там жа патыхае перавышэннем службовых паўнамоцтваў і незаконнай перашкодай прадпрымальніцтву. І дзяржава ж таксама губляе. Зараз, напрыклад, мы не будзем кожны дзень купляць 200 літраў дызельнага паліва, запчасткі, не будзем плаціць падаткі. Чыноўнікі гэтага не разумеюць”.
Мікалай Аўтуховічмяркуе, што пазбаўленне фірмы ліцэнзіі – помста яму за прынцыповасць:
“Чыноўнікі, відаць вырашылі, што Аўтуховічу час закрыць рот. Маўляў, трэба адпомсціць. А я на самай справе неаднойчы паказваў, як непрафесійна працуюць транспартнікі. Я гэты непрафесіяналізм паказваў. Тыя пазлаваліся, даслалі праверку, і, як вынік, – пазбаўленне ліцэнзіі. Гэта – помста!”
Былы палітвязень кажа, што зараз, без асноўнага месца працы, сканцэнтруецца на справах руху салідарнасці “Разам”.
“Я без работы не застануся,– дадае ён. –Але шкада тых людзей, што працавалі на фірме, якіх дзяржава ўзяла і выкінула на вуліцу”.