viasna on patreon

Мастачку зь Нясьвіжа аштрафавалі за салідарнасьць з Украінай

2016 2016-05-20T11:42:53+0300 2016-05-20T11:43:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bordak-1.jpg
Наталля Бордак

Наталля Бордак

Штрафам у 25 базавых велічынь, або 3 мільёны 750 тысяч беларускіх рублёў, пакарала судзьдзя Нясьвіскага суду Вольга Крупец мастачку зь Нясьвіжа Натальлю Бордак.

Пакараньне накладзенае за несанкцыянаваны пікет, які суд угледзеў у тым, што 9 траўня Натальля Бордак выйшла ў гарадзкі парк з плякатам «Не пуцінскай вайне ва Ўкраіне».
Натальля Бордак патлумачыла свой учынак жаданьнем спыніць спробы агрэсіі Расеі супроць Украіны. Паводле актывісткі партыі БХД, калі яна ішла з плякатам па парку ў Нясьвіжы, прыкладна палова мінакоў яе вітала, палова былі супроць. «І ўсё ж я была шакаваная тым, як рэагавалі тыя, хто ня быў са мной згодны. Некаторыя абражалі такімі словамі, што немагчыма паўтарыць», — апавядала Натальля Бордак карэспандэнту Свабоды.
З 9 па 11 траўня Натальлю Бордак пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку ў «жудасным падвале». У жанчыны падрастае непаўналетні сын, гэтым праваабаронцы тлумачаць тое, што актывістку не арыштавалі на суткі. «Але ўвогуле суд быў у „нашых“ традыцыях — без аніякага доказу», — сказаў Свабодзе праваабаронца Валер Шчукін, які прысутнічаў на паседжаньні.
«Вельмі прыкра за такі велізарны штраф, бо я ўжо адседзела два дні і тры ночы. Уразіла і тое, што такім штрафам караюць жанчыну, якая адна выхоўвае непаўналетняга сына. Пікету не было, а кожны грамадзянін можа выказваць свае думкі ў адпаведнасьці з правамі чалавека», — сказала Натальля Бордак карэспандэнту Свабоды.
Натальля дадала, што будзе абскарджваць прысуд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства