Вячаслава Касінерава асудзілі за акцыю салідарнасці з антыфашыстамі
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 25 траўня ў 9-30 працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста "Пошуга" і фігуранта “справы графіцістаў” Вячаслава Касінерава. У першы дзень судовага паседжання 26 красавіка суддзя Вікторыя Шабуня прыняла рашэнне адправіць пратакол правапарушэння на дапрацоўку, паколькі ў ім выявілася шмат недакладнасцей і блытаніна з часам здзяйснення правапарушэння.
Касінерава вінавацяць па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), якое адбылося 8 красавіка каля будынку Упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску.
Тады некалькі юнакоў правялі акцыю ў падтрымку арыштаваных антыфашыстаў, вывесіўшы расцяжку “Лапы прэч ад антыфашыстаў” і запаліўшы фаеры.
Сведкамі выступалі супрацоўнік міліцыі Бохан і ягоны сябар Баёк, якія ехалі на аўтамабілі і заўважылі, што нехта вешае расцяжку на агарожу. Яны і затрымалі Касінерава.
На разгляд справы прыйшоў прадстаўнік РУУСа Цэнтральнага раёна Прэсняк. Сведкі аднак не з’явіліся і таму судовае паседжанне працягнецца ў 14 гадзін.
Вынесена пастанова аб пакаранні штрафам у памеры 30 базавых велічынь.