viasna on patreon

Сыну блогера Жалнова могуць узмацніць рэжым пакарання

2016 2016-05-26T13:18:45+0300 2016-05-26T13:19:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhalnovy.jpg
Аляксей Мілюкоў з бацькам Алегам Жалновым

Аляксей Мілюкоў з бацькам Алегам Жалновым

Супраць сына вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксея, які адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацку на «хіміі», распачатая крымінальная справа. Яму выстаўленае абвінавачваньне паводле артыкула «Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі».

Сёньня Аляксея ў раённым аддзеле Сьледчага камітэту азнаёмілі з акалічнасьцямі справы. Яму пагражае да трох гадоў зьняволеньня ў калёніі.

«Сьледчы будзе правяраць законнасьць накладаньня на мяне спагнаньняў. У справе іх шэсьць», — паведаміў Аляксей Жалноў пасьля азнаямленьня са справаю.

«З гледзішча заканадаўства для ўзбуджэньня крымінальнай справы па гэтым артыкуле дастаткова чатырох парушэньняў, — дадаў ён. — Што да накладзеных на мяне спагнаньняў, то я лічу іх незаконнымі. Мяне імі пакаралі з надуманых прычын.

Калі абапірацца на заканадаўства, то мне ставілі ў абавязак тое, чаго я не павінен быў рабіць, а таксама забаранялі тое, чаго не павінны былі забараняць».

Пра пагрозу крымінальнай справы Аляксей даведаўся, калі выйшаў са штрафнога ізалятара пасьля дзесяці сутак арышту за несвоечасовую аплату інтэрнату, у якім жыве.

Паводле Жалнова-старэйшага, у штрафным ізалятары ягоны сын трымаў галадоўку пратэсту супраць незаконнага, як ён лічыў, арышту.

Жалнова-малодшага асудзілі паводле артыкула «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Пасьля суду Аляксей Жалноў адбываў пакараньне ў Гомелі. Спрабаваў дамагчыся пераводу на гэтак званую «хатнюю хімію» ў Бабруйск. Паводле бацькі, сынавы намаганьні не далі плёну: Аляксею толькі вынесьлі два спагнаньні і перавялі яго ў Наваполацак.

«У Наваполацку для сына стварылі ўмовы, пры якіх ён пастаянна знаходзіўся пад прэсінгам і пагрозай новых спагнаньняў, — кажа Жалноў-старэйшы. — Калі яны ёсьць, то асуджаны ня мае права выхаду ў горад без суправаджэньня супрацоўніка спэцкамэндатуры».

«У наваполацкай „хіміі“ спагнаньні пачалі сыну „рысаваць“, — працягвае Алег Жалноў. — Калі ў Гомелі яму іх выносілі за не запраўлены як належыць ложак, то ў Наваполацку — што не пагаліўся, хадзіў з барадой. Паводле рапарту зь месца працы, што ён кепска выконвае свае абавязкі, вынесьлі яшчэ адно спагнаньне. Два спагнаньні за несвоечасовую аплату рахункаў за пражываньне ў інтэрнаце. Ён не адмаўляўся плаціць, але заробку не хапае».

Паводле Жалнова-старэйшага, сыну далі працу дворніка ў наваполацкім лячэбна-працоўным прафілякторыі з заробкам мільён сто тысяч рублёў. «Пры гэтым пражытковы мінімум — мільён васямсот», — падкрэсьлівае Жалноў-старэйшы.

Ён лічыць, што сына асудзілі, а цяпер перасьледуюць на «хіміі» за тое, што бацька выкрываў супрацоўнікаў міліцыі, якія парушаюць закон.

«Сына асудзілі неабгрунтавана, — настойвае Алег Жалноў. — Гэта было зьвязана з маёй дзейнасьцю па выкрываньні правапарушэньняў, учыненых міліцыяй. Я рабіў відэаролікі і выкладваў іх у інтэрнэт. Урэшце яны адыграліся на сыну».

Спроба зьняць адно з такіх парушэньняў скончылася затрыманьнем Жалновых і судом.

Інцыдэнт паміж Жалновымі і міліцыянтамі здарыўся ў верасьні 2014 году ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны сьцьвярджалі, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.

Паводле Жалнова-малодшага, яго абралі на ролю фігуранта справы таму, што ён меў судзімасьць, а гэта абцяжарвае правапарушэньні. Сваёй віны Аляксей не прызнаў. Ён таксама лічыць, што суд яго пакараў, бо ягоны бацька робіць відэаролікі пра міліцыянтаў.

Жалноў-старэйшы перасьлед сына зьвязвае таксама і са сваімі намерамі вылучыцца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ён сьцьвярджае, што кіраўніцтва «хіміі» ведае пра гэтыя намеры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства