viasna on patreon

Узмацненне пакарання за распаўсюд наркотыкаў: зло ці дабро. Погляд з калоніі

2016 2016-05-27T09:38:43+0300 2016-05-27T12:30:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kraty-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да праваабаронцаў “Вясны” патрапіў ліст з калоніі, падпісаны зняволеным Алегам*. Вязень закранае праблему ўзмацнення адказнасці за ўжыванне і распаўсюд наркатычных рэчываў.

У пачатку снежня 2014 года прэзідэнт Беларусі заявіў, што неабходна зрабіць больш жорсткім пакаранне за распаўсюд наркотыкаў і стварыць для наркагандляроў спецыяльныя калоніі з максімальна жорсткімі ўмовамі.

І вось зусім нядаўна ў газеце "СБ - Беларусь Сегодня" з'явіўся артыкул, у якім прапаноўваецца ўзмацніць меры адказнасці за наркатычныя злачынствы. Размова ідзе аб тым, што Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні ўжо разгледзела законапраект, які прадугледжвае ўнясенне зменаў у чатыры кодэксы і два законы. На думку парламентарыяў і міністра МУС Ігара Шуневіча, такі падыход да вырашэння праблемы наркаманіі, а менавіта, метадам сілы і турэмнага зняволення - з'яўляецца адзіным правільным. Шуневіч спаслаўся на статыстыку, па дадзеных якой за 4 месяцы гэтага года ў краіне на 42% знізілася колькасць наркатычных злачынстваў, якія здзяйсняюцца непаўналетнімі, а збыт наркотыкаў паменшыўся на траціну; што ў сваю чаргу пацвярджае выключнасць шляху, якім кіруецца Беларусь у гэтым пытанні.

Зняволены Алег прытрымліваецца іншага меркавання, якое і спрабуе аргументаваць у сваім лісце.

“Нельга пакідаць па-за ўвагай, што ў другой палове красавіка стартавала спецыяльная сесія Генасамблеі ААН па пытаннях лібералізацыі мер адказнасці за абарот наркотыкаў. На думку шэрагу экспертаў, сродкі, якія выдзяляюцца на барацьбу з сусветным наркатрафікам сябе не апраўдваюць, а сілавыя метады барацьбы стымулююць яшчэ большы рост нарказлачыннасці. Па выніках сесіі ўсім краінам было рэкамендавана па прыкладу шэрагу дзяржаў дэкрыміналізаваць, альбо легалізаваць немедыцынскі абарот некаторых відаў наркотыкаў. Бо, як вядома, адно зло - іншым не выкараніць.

І вось на гэтым фоне Беларусь як заўсёды паказвае сваю выключнасць. А менавіта, у новым законапраекце прадугледжваецца, што асуджаныя за нарказлачынствы будуць адбываць пакаранне ў асобных папраўчых установах з больш строгімі ўмовамі ўтрымання. Парадаксальна, што дадзеная норма будзе распаўсюджвацца і на тых асоб, якія здзейснілі нарказлачынствы задоўга да "праславутага дэкрэта №6" і законапраекта, які рыхтуецца зараз, што ў прынцыпе, не дзіўна для "сацыяльна-арыентаванай" і "квітнеючай" Беларусі.

Паведамляецца таксама, што па дадзеных афіцыйных асоб, за 2 гады ад наркатычных перадазіровак загінула 80 чалавек. Шмат гэта ці не для дзевяці з паловай мільённай Беларусі - лічыць не бяруся, але ў параўнанні з алкагольнымі перадазіроўкамі са смяротнымі наступствамі - гэтая лічба нікчэмная. Не сакрэт, што большая частка з агульнага ліку ўсіх злачынстваў у нашай краіне здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. Але, як вядома, легальны абарот алкаголю - гэта добрая крыніца даходу для дзяржаўнага бюджэту.

Тады ў чым жа заключаецца грамадская небяспека наркаманаў і чаму іх трэба наглуха ізаляваць ад соцыума? У чым жа яны вінаватыя і перад кім? І якое іх адрозненне ад іншых асуджаных? А адрозненне заключаецца ў тым, што многія асуджаныя па арт.328 Крымінальнага кодэксу маюць патрэбу ў медыкаментозных метадах лячэння ад наркатычнай залежнасці і сацыяльнай рэабілітацыі пасля."

Далей Алег дзеліцца назіраннямі і думкамі пра адбыццё пакарання нарказалежных у папраўчай калоніі №15 у Магілёве:

“Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на калонію №15 (Магілёў), дзе меры лячэння і рэабілітацыі для наркаманаў існуюць толькі фармальна ў форме справаздач. Таксама варта адзначыць і ўмовы працы асуджаных (як асноўнага механізму папраўчага працэсу) у дадзенай установе, якія не адпавядаюць ні адной норме закона, у тым ліку і Канстытуцыі. Не выконваецца ні тэхнічны, ні санітарны рэгламент работ. Эпідэміялагічны і пажарны стан на вытворчай зоне крытычны. У сваю чаргу, начальнік калоніі публічна запэўнівае наркаманаў, што пры дадзеных умовах працы душ і спецвопратка ім не патрэбныя.

Тут у атрадах змяшчаецца больш за 160 чалавек, для якіх усяго 6 рукамыйніц і 5 санвузлоў на атрад, што ў сваю чаргу, стварае маральна-бытавыя і санітарныя нязручнасці. У цэлым да дадзенай катэгорыі асуджаных і так прад'яўляюцца завышаныя патрабаванні і прадузятае стаўленне з боку супрацоўнікаў адміністрацыі, што стымулюе ярка выражаную дыскрымінацыю асобы. І ўсё гэта адбываецца ва ўмовах перапоўненасці турмаў і калоній, адсутнасці якіх-небудзь амністый і ўмоўна-датэрміновага вызвалення.

Такая сітуацыя абсалютна натуральная для паліцэйскай дзяржавы з аўтарытарнай уладай, якая ўпэўненая ў тым, што ўсе беды вырашаюцца выключна сілавымі метадамі. Сітуацыя ў дзяржаве, у якім наркатрафік культывуецца і падтрымліваецца сілавымі структурамі і наменклатурай, а да адказнасці прыцягваюць толькі нямногіх з іх, часта простых спажыўцоў, рана ці позна прывядзе да сацыяльных пратэстаў, і тыя ізгоі грамадства, якіх закляйміла “сістэма” " заявяць пра сябе. Гэта закране як  наркаманаў (большасці з асуджаных няма яшчэ і 25 гадоў), гэтак і іншых сацыяльных элементаў, выкінутых за прававую абочыну дзяржавы па волі выпадку."

Ліст зняволенага Алега ў чарговы раз падцвердзіў высновы праваабаронцаў аб тым, што неправавая практыка дыскрымінацыі зняволеных па прыкмеце здзяйснення пэўнай катэгорыі злачынстваў, якая ўкаранілася, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека і мае патрэбу ў неадкладным выпраўленні.

 *Імя змененае

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства