Яшчэ адзін штраф за “Праспект Нацыянальнага сцяга”
Акцыя “Праспект Нацыянальнага сцяга", якая прайшла ў Менску 14 траўня, завяршылася для яе ўдзельнікаў складаннем пратаколаў правапарушэння і судамі. Сёння за бел-чарвона белы сцяг у судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзяць яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі - Юрася Лукашэвіча.
Суддзя Віторыя Шабуня спрабавала высветліць стаўленне Лукашэвіча да сімволікі, сказала яму, што "ў 1995 годзе быў рэферэндум і што вас там не задаволіла?”. Адбылася нават невялікая перапалка наконт таго, ці законны быў рэферэндум і што хацеў данесці сваімі дзеяннямі Лукашэвіч на Кастрычніцкай плошчы.
У якасці сведкі выступіў супрацоўнік міліцыі Андрэй Шушко, які ў той дзень нёс дзяжурства на плошчы. Ён паведаміў, што пазнаў Лукашэвіча, які трымаў сцяг і расцяжку. Ягоны калега Дзяніс Вясняк слова ў слова паўтарыў папярэднія паказанні.
Сведка які складаў пратакол, паведаміў, што 23 траўня Лукашэвіч быў апытаны ў РУУС, і пагадзіўся са сваімі паказаннямі.
Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла пастанову – прызнаць Юрася Лукашэвіча вінаватым у парушэнні арт.23.34 КаАП і пакараць штрафам у памеры 20 базавых велічынь.