Жыхары Баранавіч патрабуюць змены у Законе «Аб масавых мерапрыемствах»
6 чэрвеня грамадзяне Баранавіч звярнуліся ў мясцовы гарвыканкам з заявай аб змене рашэння Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы”.
У заяве неабыякавыя грамадзяне пішуць:
«Ужо больш дзевяці год у горадзе Баранавічы выканаўчы камітэт не дае дазволу сябрам дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый правесці пікетаванне па розных пытаннях грамадскага жыцця. Гэтая забарона не спрыяе грамадскаму дыялогу, не дае магчымасці абменьвацца думкамі, прапановамі, пярэрвана зваротная сувязь грамадства і ўлады. Улада не хоча чуць нікога, акрамя сябе. А гэта якраз і прыводзіць да пагаршэння эканамічнага стану краіны, да павелічэння беспрацоўя, інфляцыі, памяншэння заробкаў каторы год запар з абяцаных 1000$ да 320$ і намнога меней у малых гарадах і раёнах, прыходзіцца павялічваць гады выхаду на пенсію, на якую пражыць усё цяжэй. За праведзенае пікетаванне без дазволу судом прысуджаюцца вялікія штрафы ад 20 да 40-50 базавых велічынь для папаўнення слабеючага бюджэта».
Некалькі тыдняў таму сябры праваабарончага цэнтра «Вясна» супольна з сябрамі палітычных партый, грамадскіх арганізацый, грамадскімі актывістамі і іншымі праваабаронцамі правялі круглы стол, на якім абмяркоўвалася праблема неадпаведнасці вышэй названага рашэння Баранавіцкага гарвыканкама Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзеючаму заканадаўству і міжнародным дамовам. Удзельнікі круглага стала згадалі, што ў адпаведнасці з арт. 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.
У той сама час у Рашэнні Баранавіцкага гарвыканкама № 3778 ад 29 снежня 2014 года адзіным вызначаным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў (за выключэннем вулічных шэсцяў і дэманстрацый) стаўся Стары парк культуры і адпачынку па вул. Камсамольскай (пляцоўка, свабодная ад дрэваў, уздоўж вул. Міцкевіча).
У сваіх адказах на звароты грамадзян гарвыканкам спасылаецца на п.1 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь», «масавае мерапрыемства можа праводзiцца ў любых прыдатных для гэтай мэты месцах, за выключэннем месцаў, названых у частцы трэцяй гэтага артыкула».
Удзельнікі круглага стала просяць гарвыканкам выконваць артыкул, на які спасылаюцца, бо там там сказана:
“Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі вызначаюцца пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама месцы, дзе іх правядзення не дапускаюцца, з паведамленнем аб гэтым у сродках масавай інфармацыі”.
Удзельнікі круглага стала бачаць не адно, а многа месцаў ў розных частках горада, дзе можна праводзіць масавыя мерапрыемства.
Яны абураюцца на сыстэматычныя адмовы ўладаў:
«Як трэба не паважаць сваіх грамадзянаў, каб прапанаваць ім гэтае месца ў закінутым людзьмі старым парку (фактычна ў лесе), убаку ад людзей, дзе стаяць лужы вады, калі ідзе дождж, а зімою – снег. Але галоўнае пытанне, для каго там праводзіць пікетаванне? Для забеглых сабак?»
Удзельнікі круглага стала лічаць, што патрабаванне гарвыканкама, аб аплаце заяўнікамі паслуг звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, незаконнае і супярэчыць дзеючаму заканадаўству.
У выкананне правоў гарантаваных беларускім заканадаўствам удзельнікі круглага стала патрабуюць унесці змены ў Рашэнне Баранавіцкага гарвыканкама ад 29 снежня 2014 года № 3778 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы”, у прыватнасці:
- вызначыць іншыя, адзіныя для ўсіх заяўнікаў месцы ў горадзе, прыдатныя для правядзення масавых мерапрыемстваў як гарвыканкамам, БРСМам, так і іншымі грамадскімі арганізацыямі, партыямі, так і грамадзянамі горада;
- адмяніць вуснае патрабаванне аб абавязковым заключэнні дамоваў на ахову грамадскага парадку і замацаваць гэта асобным пунктам пісьмова адмяніць патрабаванне аб дамовах на прыборку тэрыторыі і аказанне медыцынскай дапамогі і прадастаўленні іх адначасова з падачай заявы на правядзенне масавага мерапрыемства.