Праваабаронцы Украіны і Беларусі правялі сумесны семінар па тэме правоў людзей з інваліднасцю
Сумесны семінар па тэме правоў людзей з інваліднасцю "Правы людзей з інваліднасцю і метады адвакацыі" правялі ў Харкаве прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі і Украіны.
Агулам у мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 20 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый з Харкава ("Грамадзянская альтэрнатыва", "Права на захіст", ФРІ і інш.), з Чаркас ("Моладзь Чаркашчыны") і з Беларусі (прадстаўнікі рэгіянальных філій Праваабарончага цэнтра “Вясна” з Маладэчна, Гародні, Мазыра і Светлагорску.
Семінар быў праведзены грамадскай арганізацыяй "Грамадзянская альтэрнатыва" сумесна з Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў межах сумеснага праекту "Human rights organizations in Ukraine and Belarus - for defending public interests together!"
Падчас семінару тренеры Марыя Ясеноўская і Ігар Шрамко азнаёмілі ўдзельнікаў з метадамі і спецыфікай правядзеньня адвакацыйных кампаній па абароне правоў людзей з інваліднасцю. Вельмі падрабязна абмяркоўваліся аспекты безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў вазочнікаў і для невідушчых людзей. Дарэчы, сярод удзельнікаў былі і інваліды, у тым ліку па зроку.
Арганізатары семінара справу па абароне правоў асоб з інваліднасцю будуць працягваць і надалей: зараз у Харкаве праводзіцца маніторынг па даступнасці (безбар'ерны асяродак), па выніках каторага будуць складзеныя звароты да ўладаў з патрабаваннем паправіць сітуацыю, Гэтыя адказы затым будуць прадстаўленыя на "Тыдні даступнасці" увосень гэтага году.
Прадстаўнікі рэгіянальных філій ПЦ “Вясна”ў сваю чаргу скарыстаюць атрыманыя веды падчас працы грамадскіх прыёмных у сваіх гарадах і змогуць скарыстаць набыты вопыт пры правядзенні розных мерапрыемстваў у партнерстве са спецыялізаванымі арганізацыямі па абароне правоў інвалідаў.