viasna on patreon

Праваабаронцы "не так зразумелі" паклёп прэзідэнта

2016 2016-06-17T15:16:57+0300 2016-06-18T11:36:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/abdzirasulava_ismailava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азіза Абдзірасулава і Талекан Ісмаілава. Фота: fergananews.com

Азіза Абдзірасулава і Талекан Ісмаілава. Фота: fergananews.com

У Бішкеку хуткаплынна скончыўся працэс па пазове праваабаронцаў Талекан Ісмаілавай і Азізы Абдзірасулавой да прэзідэнта Кыргызстана. Няхай зыход суда быў даволі прадказальны, але сам факт падобнага судовага разбіральніцтва для Беларусі ў прынцыпе немагчымы.

Падставай для падачы пазову супраць Алмазбека Атамбаева паслужыла яго публічнае абвінавачванне на адрас старшыні грамадскага аб'яднання "Бір Дуйна-Кыргызстан" і віцэ-прэзідэнта FIDH Талекан Ісмаілавай і дырэктара Цэнтра па абароне правоў чалавека "Кылым Шамы" Азізы Абдзірасулавай, якія, паводле яго слоў, "аддана адпрацоўваюць свае замежныя гранты". Гэтае абвінавачванне прагучала 14 траўня, пасля форуму крытычна настроенага да ўлады руху "Народны парламент", маніторынг якога ажыццяўлялі праваабаронцы ў межах сваіх кампетэнцый.

Кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, які з 7 па 9 чэрвеня знаходзіўся ў Бішкеку ў складзе міжнароднай місіі Абсерваторыі па абароне правоў праваабаронцаў, прысутнічаў на першым судовым паседжанні супраць прэзідэнта Кыргызстана, звязаным з яго паклёпніцкімі заявамі ў дачыненні да двух вядучых праваабаронцаў краіны. Талекан Ісмаілава і Азіза Абдзірасулава праз суд патрабавалі ад Атамбаева абвяржэння яго словаў і кампенсацыі маральнага ўрону. Але 16 чэрвеня ў сваім рашэнні суд адмовіў у задавальненні іх патрабаванняў.

"Прадстаўнік прэзідэнта заявіла, што я і Азіза не так зразумелі выступленне кіраўніка дзяржавы", - паведаміла Талекан Ісмаілава Алесю Бяляцкаму па выніках судовага паседжання. Яны маюць намер абскардзіць дадзенае судовае рашэнне.

"Гэта мужны крок з боку праваабаронцаў, якія знаходзяцца пад несправядлівым ціскам урада, і прыклад таго, як трэба абараняць свае правы, для ўсіх на постсавецкай прасторы", - так кіраўнік "Вясны" адазваўся пра дзеянні сваіх кіргіскіх калегаў, улічваючы тую атмасферу, у якой ім даводзіцца працаваць сёння.

Удзельнікі міжнароднай місіі Абсерваторыі сталі сведкамі агульнага кантэксту дэманізацыі НДА ў Кыргызстане, якіх рэгулярна вінавацяць у "атрыманні замежнага фінансавання", "прапагандзе ЛГБТ", "замежных умяшальніцтвах" ці "спробах дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне".

Гэтыя факты адлюстраваныя ў дакладзе Абсерваторыі "Кыргызстан на раздарожжы: ці атрымаецца захаваць прастору для праваабарончай дзейнасці", які з'яўляецца вынікам міжнароднай даследчай місіі па пытанні аб становішчы праваабаронцаў у краіне.

Міжнародныя праваабаронцы выступілі з асуджэннем паклёпніцкіх заяваў, зробленых падчас іх знаходжання ў краіне ў шэрагу праўладных СМІ Кыргызстана. У гэтых публікацыях удзельнікаў місіі абвінавацілі, у прыватнасці, ва "ўмяшанні ва ўнутраныя справы Кыргызстана" і "дэстабілізацыі краіны". Удзельнікі місіі таксама выказалі шкадаванне аб тым, што ім было зноў адмоўлена ў праве наведаць свайго калегу Азімжана Аскарава, які знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах.

Абсерваторыя заклікае ўлады Кыргызстана забяспечыць праваабаронцам магчымасць ажыццяўляць сваю законную дзейнасць без якіх-небудзь перашкодаў або пагрозаў, будуць гэта пагрозы рэпрэсій ці нападаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства