Пачаўся суд па іску актывіста СПБ Мікалая Шараха да ААТ “Полацк-Шкловалакно” за аднаўленне на працы
Першае пасяджэнне адбылося 21 чэрвеня непасрдна на прадпрыемстве. Прадстаўнік адказніка Васіль Зацірахін заявіў, што Мікала Шарах “мае сталы ўзрост і не дужа добрае здароўе”, і гэта нібыта стала адной з прычын, каб не працягнуць з ім кантракт.
Намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах перакананы, што непрацягненне кантракту – гэта дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыкмеце – за сяброўства і актыўную дзейнасць у незалежным СПБ. Але прадстаўнік адказніка, начальнік аддзела прававога забеспячэння прывёў не менш абуральныя тлумачэнні, кажа спадар Шарах:
“Адкуль, мне цікава, прадстаўнік адказніка Васіль Зацірахін ведае пра стан майго здароўя? Гэта ўмяшанне ў асабістае жыццё – даведвацца пра такое, а потым публічна пераказваць у судзе. Напэўна, спадар Зацірахін гэта ўцяміў і пачаў апраўдвацца, што нічога не ведае. Потым заявіў, што ў мяне “сталы ўзрост”, што мне цяжка працаваць на вытворчасці. І што адміністрацыя зрабіла мне паслугу, не працягнуўшы кантракт, хоць я пісаў заяву, што маю жаданне працаваць да дасягнення пенсійнага ўзросту – 60 год. Атрымліваецца, у нас яшчэ і дыскрымінацыя па ўзросце? Чаму ж тады адміністрацыя не паклапацілася пра сталых работнікаў, змяніўшы калектыўную дамову такім чынам, што яны апынуліся перад рызыкай не дапрацаваць да пенсіі, як у маім выпадку?”
Якраз перад тым, як скончыўся тэрмін кантракту з Мікалаем Шарахам, на ААТ “Полацк-Шкловалакно” змянілі калектыўную дамову, прычым змены зацвердзілі без удзелу прадстаўнікоў СПБ. Раней з чалавекам, якому менш як тры гады да пенсіі, працягвалі кантракт пры ўмове, што ён не мае працоўных спагнанняў. За які тэрмін – не вызначалася, але глядзелі – каб вымоваў не было за апошні год. Цяпер гэты пункт змянілі, запісаўшы, што спагнанняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту. Такім чынам пагоршылася становішча працаўнікоў, у якіх кантракты былі заключаны да прыняцця зменаў.
“Але спадар Зацірахін цвердзіў у судзе, што ўмовы работнікаў палепшыліся – раз цяпер з’явілася палажэнне, што практычна любое працоўнае спагнанне падчас дзеяння ранейшага кантракту можа стацца падставай для звальнення. Логіка неспасцігальнае, тым болей, што і інспекцыя працы заўважыла пагаршэнне і рэкамендавала адміністрацыі прывесці калектыўную дамову ў адпаведнасць з заканадаўствам, дзе тэрмін не акрэслены. На практыцы гэта – год, бо, напраклад, вымова аўтаматычна “здымаецца”, праз год пасля спагнання. У выпадку ж Мікалая Шараха згадалі парушэнні 2012 года, якія даўно скасаваліся!”- тлумачыць кіраўнік “пярвічкі” СПБ на прадпрыемстве Віктар Стукаў.
Усго парушэнняў за час пяцігадовага кантракту было тры. Пра апошняе Мікалай Шарах распавёў у судзе:
“Справа была ў 2014 годзе. Я спазніўся на працу на 10 хвілін. Праспаў. Ехаў на таксоўцы. Такія спазненні ў нас нават на вахце не фіксуюцца, але начальнік цэха вырашыў мяне пакараць: пастанавіў пазбавіць 25 адсоткаў прэміі. Ну, што зробіш – вінаваты! Аднак праз два дні гэтае распараджэнне адмяняюць і прымаць іншае – абвясціць мне вымову. Гэта ўжо спагнанне. Хоць з тае пары я анічога не парушыў”.
Начальнік аддзела прававога забеспячэння Васіль Зацірахін тлумачыў суду, што кантракты заключаюцца толькі з добрасумленнымі работнікамі. У чым вымяраецца добрасумленнасць, і колькі спагнанняў з’яўляецца паказнікам нядобрасумленнасці, ён патлумачыць не змог.
Сітуацыю са звальненнем 58-гадовага прафсаюзнага лідэра, з якім не працягнулі кантракт, ён спрабаваў прад ставіць суду як “ардынарную”. І таму выступіў супраць вядзення фота- і відэаздымак у судзе. Гэты пратэст падтрымала і пракурор Таццяна Коцур.
Суддзя Зузанна Плакса абвясціла перапынак у судзе да 23 чэрвеня. Працэс, які распачаўся непасрэдна на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”, там жа будзе і працягнуты. Мікалай Шарах мае наступныя патрабаванні: аднавіць яго на ранейшай пасадзе з ранейшымі працоўнымі ўмовамі, сплаціць грашовую кампенсацыю за вымушаны прагул, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды памерам 10 мільёнаў рублёў. І захадаў з боку адміністрацыі, каб на прадпрыемстве не было дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце, да праяваў якой ён адносіць і ўласнае звальненне.