На Кастуся Жукоўскага, якога збілі міліцыянеры ў Лоеве, яшчэ і склалі два пратаколы
28 чэрвеня журналісту-фрылансеру з Гомеля Кастусю Жукоўскаму патэлефанавалі невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі, а менавіта Лоеўскага РАУС, і запрасілі ў аддзел для складання на яго адміністрацыйных пратаколаў. Па словах фрылансера, яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (артыкул 23.4 КаАП). Кастусь Жукоўскі адмовіўся ехаць у Лоеўскі РАУС. Мінулы раз, пры наведванні райцэнтру, ён займеў шмат праблем з міліцыяй. Нагадаем, 21 чэрвеня фрылансер з калегам Аляксеем Атрошчанкавым наведалі Лоеў па просьбе мясцовых жыхароў, каб зняць відэа пра эканамічныя праблемы райцэнтру. У часе здымак іх спачатку спынілі супрацоўнікі ДАІ, а затым з прымяненнем сілы затрымала мясцовая міліцыя.
«З нас здзекваліся, выкручвалі рукі, клалі на падлогу, адзелі кайданкі, адзін міліцыянер ставіў мне нагу на галаву, калі я ляжаў скручаны на падлозе, зневажалі нас», - адзначыў Кастусь Жукоўскі.
Ён з калегам знялі пабоі і напісалі скаргу ў Следчы камітэт на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Тым часам міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у Мінску пракаментаваў для «Еўрарадыё» дадзенае пытанне так: «Любая інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе праверана. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ні адно такое паведамленне не пакідаем без увагі. У тым ліку дадзім ацэнку гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі... Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было».
Як бачым, рэакцыя ёсць: два пратаколы на Кастуся Жукоўскага. Якія меры прынятыя да міліцыянераў, і ці наогул будуць яны прынятыя – невядома.