На Паўла Вінаградава складзеныя два пратаколы
Актывіст Павел Вінаградаў быў затрыманы 1 ліпеня ў РУУС Маскоўскага раёна, куды прыйшоў адзначацца па прафілактычнаму нагляду. Там на яго былі складзеныя пратаколы за нядаўнюю акцыю - вывешаныя бела-чырвона-белыя сцягі і партрэт на прыпынку грамадскага транспарту.
У РУУС яго учынак палічылі правапарушэннем і склалі пратколы па арт. 23.34 КаАП "Арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і арт. 23.5 "Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў". Пасля гэтага ён быў адпушчаны, пра што і напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
Прыйшоў я дадому. Валакіта ў міліцыі заняла дзве гадзіны, але я магу пісаць у ФБ, а значыць на волі.
Склалі два пратаколы: адзін па 23.34 (ну гэта, як звычайна, незаконнае пікетаванне) і адзін, самы першы ў маім жыцці, па 23.5 (абраза службовай асобы).Абразіцца вырашыў грамадзянін Федзюковіч, які з'яўляецца начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна. У сувязі з гэтым хачу сказаць, што як абражаў не памятаю. Памятаю, як прывітанне перадаваў. На відэа так і кажу: "Перадаю прывітанне") Але самае цікавае, што нават калі б і абражаў каго-небудзь, то як ён зразумеў, што я менавіта пра яго кажу? Можа адчувае за сабой чаго? Ну ды добра. Пачуем у судзе, калі ён на яго прыйдзе. Калі суд - пакуль не ясна. Думаю на наступным тыдні.