Алесю Міхалевічу не дазваляюць пазнаёміцца з матываванай пастановай аб прыпыненні крымінальнай справы
Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году (тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам), зараз рыхтуецца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
У той жа час ён працягвае высвятляць лёс крымінальнай справы, якая была прыпынена ў адносінах да палітыка.
“Я рабіў адмысловы запыт з гэтай нагоды, але мне адказалі, што нічога для азнаямлення не дадуць, – распавёў сайту palitviazni.info Алесь Міхалевіч. – І нават не скажуць, чаму справу прыпынілі. Думаю, што буду абскарджваць гэтую адмову”.
Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.
Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. Але ў мінулым годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі. Праз нейкі час стала вядома, што яго крымінальная справа прыпыненая, але не зачыненая.
“1 ліпеня яздаю дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за маё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты ва Уруччы (акруга нумар 109), – абвясціў Алесь Міхалевіч.– Калі хто гатовы ўвайсціў гэтую групу, буду ўдзячны. Збіраць подпісы не абавязкова, максімум пару разоў схадзіць са мной на пікет”.
Са слоў Міхалевіча, пакуль у яго камандзе назбіралася некалькі дзесяткаў чалавек.
“На выбарах не бывае шмат людзей, – дадае палітык. – На апошніх выбарах у маёй групе было некалькі соцень правераных людзей, але трэба разумець, што цяпер многія з іх і самі вылучаюцца па ўсёй краіне”.
Экс-кандыдат у прэзідэнты не лічыць вылучэнне сваёй кандыдатуры на парламенцкія выбары “актыўным удзелам у палітыцы”.
“У выбарах я удзельнічаю проста, як актыўны грамадзянін, – кажа ён. – Гэта тое самае, што чалавек прагаласаваў падчас выбараў. Увогуле, свае шанцы ў гэтай кампаніі я ацэньваю прыблізна на ўзроўні шанцаў выйграць кватэру ў латарэю. Але ж партыя прыняла рашэнне, каб я ўдзельнічаў у выбарах, і я гэтаму рашэнню падпарадкоўваюся”.
Што датычыцца крымінальнай справы, якая прыпынена, але пакуль не зачынена, то, па словах Міхалевіча, яму адмаўляюцца прадаставіць матываваную пастанову аб прыпыненні крымінальнай справы.
“Я рабіў адмысловы запыт з гэтай нагоды, але мне адказалі, што нічога для азнаямлення не дадуць, – абураецца палітык. – І нават не скажуць, чаму гэтую справу прыпынілі. Думаю, што буду абскарджваць гэтую адмову”.