viasna on patreon

Праваабаронцы змагаюцца за выкарыстанне беларускай мовы ў судах

2016 2016-07-12T10:44:18+0300 2016-07-12T16:57:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з прапановай забяспечыць роўнасць ужывання дзвюх дзяржаўных моваў ва ўсіх працэсах судавытворчасці.

Нагодай сталі частыя ў апошні час звароты грамадзянаў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”, звязаныя з немагчымасцю рэалізаваць на практыцы права на карыстанне беларускай мовай падчас судовых паседжанняў і іншых працэсуальных стасункаў з судамі Рэспублікі Беларусь. Як правіла, пры разглядах спраў суддзі ігнаруюць хадайніцтвы аб вядзенні судовых працэсаў на беларускай мове, не афармляюць працэсуальныя рашэнні і іх копіі на беларускай мове, а адказы на пісьмовы звароты і скаргі даюць у большасці выпадках на рускай мове, не звяртаючы ўвагі на мову, якую выкарыстоўваюць грамадзяне.

Праваабаронцы не упершыню канстатуюць дыскрымінацыю беларускай мовы ў параўнанні з рускай і неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі суддзі адмаўляліся весці працэс па-беларуску. Варта прыгадаць  адміністратыўны працэс над Гэнікам Лойкам, якога ў сакавіку 2013 года судзілі за несанкцыянаваны пікет у абарону беларускай мовы ля гімназіі №4 г.Мінска. Суддзя  Фрунзенскага раёна Людміла Лапо не толькі адмовілася сама весці працэс па-беларуску, але і забараняла адказваць па-беларуску ўдзельнікам працэсу. Суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксей Бычко, які разглядаў касацыйную скаргу, таксама адмовіўся весці працэс па-беларуску, спасылаючыся на арт. 2.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, які нібыта дазваляе вядзенне працэсу на рускай мове.

А нядаўна жыхар Мінска Віктар Фурман звярнуўся са скаргай у суд Цэнтральнага раёна г. Мінска на беларускай мове, а пастанову ў адказ суддзя Марына Казлова выдала на рускай мове, што абурыла заяўніка.

Калі артыкулы Законаў “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” абавязваюць адказваць заяўніку на мове звароту, то працэсуальныя кодэксы такога абавязку чамусці не утрымліваюць, чым нівеліруюць гарантаванае дзяржавай права свабодна абіраць мову зносін з дзяржаўнымі органамі, дэклараваны роўны статус обедзвюх дзяржаўных моваў.

Валянцін Стэфановіч лічыць, што такое становішча абмяжоўвае правы грамадзянаў на выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у тым ліку і ў стасунках з судовай сістэмай.

Акрамя таго, у Беларусі пераважная большасць нарматыўна-прававых актаў існуе толькі на рускай мове, у звязку з чым адчуваецца недастатковасць замацаваных у працэсуальных кодэксах гарантый забеспячэння выканання на практыцы прынцыпа роўнасці дзвюх дзяржаўных моў краіны - рускай і беларускай. Гэта ў сваю чаргу нярэдка прыводзіць да дыскрымінацыі грамадзянаў па моўнай прыкмеце.

Яшчэ ў снежні 2013 года Валянцін Стэфановіч звяртаўся у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь па пытанні адсутнасці заканадаўча замацаванага абавязку выдаваць нарматыўныя прававыя акты на дзвюх дзяржаўных мовах, а таксама да суб’ектаў, якія маюць права ініцыяваць такі зварот у суд:  Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Вышэйшы гаспадарчы суд і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак, ні адзін орган улады не палічыў, што выданне законаў толькі на рускай мове  з’яўляецца дыскрымінацыяй і парушэннем заканадаўства. А старшыня Канстуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч у адказ дэкларатыўна заявіў:

«Канстытуцыйны суд мяркуе, што для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі арт. 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў».

Аднак, справа з месца дагэтуль не скранулася. Як не было нарматыўных актаў і кодэксаў на беларускай мове, так іх няма і дагэтуль.

Тут варта ўзгадаць, што нават у часы БССР усе заканадаўчыя акты цалкам дубляваліся на дзвюх мовах. Усе кодэксы прымаліся і друкаваліся як па-руску, так і па-беларуску.  І вось, атрымаўшы незалежнасць,  Беларусь знішчыла нават тое, што існавала пры Савецкім Саюзе.  Яскравы прыклад: у дзяржаўнай базе нарматыўна-прававых актаў зараз хіба што 3% дакументаў змешчаныя на беларускай мове. Вось такі сумны білінгвізм атрымаўся на практыцы.

Сёння ж, у пераважнай большасці, мовай судавытворчасці суддзямі абіраецца руская, незалежна ад таго, на якой мове выступаюць удзельнікі працэса. Пры гэтым суддзі кіруюцца прынцыпам, што ўсе грамадзяне краіны абавязаныя разумець і разумеюць рускую мову.

Валянцін Стэфановіч не згодзен з такім падыходам і просіць Канстытуцыйны суд прывесці артыкулы ўсіх працэсуальных кодэксаў, датычных мовы судавытворчасці, у адпаведнасць з Канстытуцыяй і Законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, таксама замацаваўшы ў іх абавязак даваць адказы на звароты (скаргі, заявы) ўдзельнікаў судовага працэсу на мове зваротаў, і такім чынам гарантаваць роўнасць ужывання двух моў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства