Баранавічы: старшыню мясцовага ТБМ Мікалая Падгайскага апыталі ў міліцыі адносна ўскладання кветак да помніка Яну Чачоту
Старшыня Баранавіцкага аддзялення ТБМ Мікалай Падгайскі быў выкліканы размову да намесніка начальніка райаддзела міліцыі Льва Лопуха. Супрацоўнік міліцыі апытаў Падгайскага, што і як адбывалася 9 ліпеня ў Новай Мышы і Русіно падчас ускладання кветак да помніка Яну Чачоту і фэсту.
Як стала зразумела з размовы, міліцыя ўжо паспела апытаць па гэтым пытанні жыхароў Новай Мышы на прадмет мітынгу каля помніка. Начальнік райаддзела не ведаў, што ТБМ – зарэгістраваная арганізацыя. Папрасіў прадставіць план працы. Заспакоіў, што далейшых дзеянняў у адрас Міхася Бернага і самога Падгайскага не будзе. Спадар Лопух размову вёў вельмі карэктна, адзначыў Падгайскі.
На пытанне Мікалая Падгайскага, чаму наогул распачата гэтая справа, міліцыянт паказаў матэрыял з інтэрнэта і сказаў, што ім падалася нейкая крамола ў інфармацыі, неяснасці і недакладнасці. Хаця, паводле Мікалая Падгайскага, напісана ўсё дакладна і правільна пра фэст і ўскладанне кветак.