На 630 рублёў аштрафаваная бабруйчанка Любоў Санкевіч
У судзе Цэнтральнага раёна гораду Мінска 18 ліпеня суддзя Наталля Вайцэховіч па выніках адміністрацыйнага працэсу аштрафавала на 30 базавых велічынь (630 руб.) бабруйчанку Любоў Санкевіч.
Яна абвінавачвалася ва ўдзеле ў недазволенай акцыі, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды правялі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры – пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў. Пра гэта паведамляе "Новы час".
За гэты пікет усяго былі аштрафаваныя пяць пенсіянераў, у тым ліку бабруйчанкі Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч, жыхар райцэнтру Крупкі з Мінскай вобласці Барыс Бабок, мінчанкі Тамара Сяргей і Камелія Чарняўскай агулам на 130 базавых велічынь (2.730 руб. ці 1.365 долараў ЗША).
У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што штрафныя санкцыі, якія накладаюць беларускія суды, становяцца важнай крыніцай папаўнення бюджэту. «За адну гадзіну знаходжання на плошчы Свабоды грамадзяне павінны заплаціць дзяржаве суму, эквівалентную 1.365 доларам», — сказала праваабаронца.
Яна зазначыла, што судовыя працэсы толькі па форме адпавядалі нормам працэсуальнага права.
«Аднак па сутнасці нашыя справы не былі разгледжаны суддзямі. Пра гэта сведчыць той факт, што суддзі адмовіліся разглядаць незаконныя дзеянні Мінгарвыканкаму, які адмовіў нам у правядзенні пікетавання. Насуперак незаконным дзеянням чыноўнікаў мы рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права на пікетаванне. А прыцягненне нас да адказнасці сведчыць пра тое, што замест вырашэння праблемаў грамадзянаў дзяржава запалохвае людзей», — сказала праваабаронца.
На яе меркаванне, суд у каторы раз прадэманстраваў сваю залежнасць ад выканаўчай улады. «Калі б суды ў Рэспубліцы Беларусь былі па-сапраўднаму незалежныя і падпарадкоўваліся толькі закону, дык прыцягнулі б да адказнасці не нас, а чыноўнікаў Мінгарвыканкаму», — падкрэсліла Тамара Сяргей.