Сёння - суд над Паўлам Вінаградавым
Актывіста моладзевай ініцыятывы «Zмена» Паўла Вінаградава будуць судзіць. Пра гэта Павел Вінаградаў паведаміў у сваім Фэйсбуку: «Цуда не здарылася, і суд у мяне ўсё ж такі будзе, і будзе ён сёння».
Сёння, 25 ліпеня, у 15 гадзін у судзе Першамайскага раёна Мінска пачалося судовае пасяджэнне па справе за несанкцыянаваную акцыю, якую Павел Вінаградаў зладзіў у Мінску. Паўла да таго ж абвінавачваюць у абразе службовай асобы — суддзі з Маскоўскага суда. Пра гэта паведамляе “Новы Час”.
Адміністрацыйную справу распачалі на Паўла Вінаградава 1 ліпеня за акцыю, якая адбылася 26 чэрвеня. Нагадаем, тады «Zмена» вывесіла на мосце гірлянду з 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а на прыпынках — сцягі і плакаты з выявай Вінаградава, які паказвае сярэдні палец, і надпісам «Дзякуй за нагляд». Гэта акцыя стала рэакцыяй на тое, што 7 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Мінска ўсталяваў над Вінаградавым паўгадавы прэвентыўны нагляд.
Мэтай акцыі было «перадаць прывітанне ўсім тым грамадзянам, якія захацелі ўстанавіць нагляд на паўгода, калі тэрмін судзімасці заставаўся тры з паловай месяцы», — распавёў тады Павел Вінаградаў тэлеканалу «Белсат». «Дык вось, я перадаю прывітанне таму, хто прыдумаў усталяваць нада мной нагляд, таму, хто яго ўстанавіў, а менавіта крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС і суддзі Сушко з Маскоўскага суда», — сказаў Вінаградаў, гледзячы ў камеру і выставіўшы сярэднія пальцы на абедзвюх руках.