viasna on patreon

Cправаздача па выніках назірання за судом па адміністрацыйнай cправе супраць журналіста-фрылансера

2016 2016-07-26T08:38:15+0300 2016-07-26T13:00:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhukouski-12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі ў судзе

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі ў судзе

Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам судовага працэса пры разглядзе ў судзе Лоеўскага раёна адміністрацыйнай справы супраць журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, падрыхтаваная праваабаронцамі "Гомельскай Вясны".

25 ліпеня 2016 года ў судзе Лоеўскага раёну, Гомельскай вобласці прайшоў судовы працэс па абвінавачванні журналіста-фрылансера, сябра гомельскай суполкі РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Кастуся Жукоўскага ў дробным хуліганстве (артыкул 17.1. КаАП).

Трэба адзначыць, Кастусь Жукоўскі разам з Аляксеем Атрошчанка 21 чэрвеня прыехалі ў Лоеў каб зняць мясцовы цагельны завод, які знаходзіцца ў гаротным стане. Тут іх сустрэлі супрацоўнікі міліцыі, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі ў РАУС. У Лоеўскім райаддзеле з ім гутарыў намеснік начальніка міліцыі Генадзь Маджара. Паводле Жукоўскага, да рукапрыкладства дайшло менавіта ў часе размовы з ім. “На мяне напалі трое – сам Маджара, міліцыянт у форме і яшчэ адзін у цывільным. Павалілі на падлогу, сталі заламваць рукі за спіну, надзелі кайданкі. Адзін з траіх каленам ціснуў на галаву, каб я не мог прыўзняцца з падлогі”. Дадзены інцэдэнт не застаўся не замечаным з боку міністра міліцыі Ігара Шуневіча, той публічна паабяцаў разабрацца. У выніку, на фрылансераў склалі шэсць адміністрацыйных пратаколаў – два на Атрошчанку і чатыры на Жукоўскага. Іх абвінавачваюць у непадпарадкаванні і абразе супрацоўнікаў міліцыі, прычым Жукоўскага двойчы, а таксама ў дробным хуліганстве.

З мэтаю аб’ектыўнай і незалежнай ацэнкі судовага працэса, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў падчас суда праваабаронца Леанід Судаленка праводзіў маніторынг судовага працэса. У маніторынгавай справаздачы абазначаныя асобныя аспекты вынікаў назірання, аналіз адпаведнасці судовага працэса міжнародным стандартам у галіне права на справядлівы суд, а таксама рэкамендацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

І. Ход судовага працэса

Падчас судовага працэса былі зафіксаваныя наступныя факты:

- пры ўваходзе ў будынак суда вахцёр, які дзяжурыў на ўваходзе, забараніў карыстацца відэакамерай.

- судовы працэс пачаўся ў прызначаны час;

- у судовым працэсе суддзя была апранутая ў судзейскую мантыю, разглядала справу ў судовай залі;

-  суддзя забараніла весці відэаздымкі судовага працэсу, не забараняючы пры гэтым весці аўдыёзапіс;

- суддзя не дапусцілі Леаніда Судаленку, як юрыста РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па даверанасці асацыяцыі ў якасці прадстаўніка журналіста – фрылансера. Таксама суддзя не задаволіла хадайніцтва аб запяспячэнні журналіста бясплатным адвакатам;

- суддзя па хадайніцтву Кастуся Жукоўскага весці працэс на беларускай мове перайшла на мову, але з-за недастатковага валодання адной з дзяржаўных моў блытала словы, было бачна, што суддзя не ўпэўненая, губляецца, пераходзіць на звычную рускую мову;

- у працэсе суддзя дала магчымасць азнаёміцца з запісам камер відэаназірання РАУС, якія сведчылі аб паводзінах фрылансера ў памяшканні РАУС і якія ставіліся ў віну журналісту-фрылансеру;

- суддзя накіравала астатнія тры пратаколы, складзеныя ў адносінах да фрылансера на дапрацоўку ў Лоеўскі РАУС, пазначыўшы, што пры іх складанні не прысутнічаў сам журналіст і яму не былі растлумачаны яго правы і абавязкі. Пры гэтым суддзя не звярнула ўвагі на тое, што і чацьверты пратакол, які яна разглядае, таксама быў складзены завочна, без прысутнасці журналіста;

- суддзя не змагла захаваць сваёй зацікаўленасці ў выніках справы, калі на пытанне сакратара, каго з сведак запрашаць у судовую залу, адказала, ”запрашай нашых”, маючы на ўвазе сведак - міліцыянтаў;

- суддзя па сваёй ініцыятыве зрабіла перапынак, каб выклікаць і апытаць усіх сведак па справе;

- суддзя адмовіла Кастусю Жукоўскаму ў задавальненні хадайніцтва прыпыніць справу да таго моманту, пакуль яго заява ў Следчы камітэт аб збіцці супрацоўнікамі міліцыі не будзе разгледжана па сутнасці.

ІI. Высновы:

Занепакоенасць выклікае празмернае абмежаванне на карыстанне фота, - відэа камерамі ў будынку суда.

У судовым працэсе суддзя, якая з'яўляецца дзяржаўным службоўцам, паказала, што не валодае ў дастатковай для вядзення судовага працэсу адной з дзяржаўных, а менавіта беларускаю моваю.

У судовым працэсе суддзя не змагла захаваць сваёй зацікаўленасці ў выніках справы, калі на пытанне сакратара, каго з сведак запрашаць у судовую залу, адказала, ”запрашай нашых”, маючы на ўвазе сведак - міліцыянтаў;

Адзначаем, што не дапускаючы Судаленку Леаніда, як юрыста РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па даверанасці асацыяцыі ў якасці прадстаўніка журналіста – фрылансера суддзя зыходзіла толькі з норм працэсуальна-выканаўчага кодэксу, які ў такіх выпадках дазваляе карыстацца паслугамі толькі адвакатаў. Але ж калі журналіст-фрылансер хадайнічаў перад судом, каб той забяспечыў яго бясплатным адвакатам, суд пакінуў хадайніцтва без задавальнення.

Лічым, што наяўнасць у нацыянальным заканадаўстве (артыкул 4.5. ПВКаАП Рэспублікі Беларусь) абмежаванняў на свабодны выбар свайго абаронцы ў адміністрацыйных працэсах прама супярэчыць пункту 3b) і d) артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якіх кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму абвінавачвання як мінімум на наступныя гарантыі:
  b) мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і зносіцца з абраным ім самім абаронцам;
  d) абараняць сябе сродкам свабодна абраным ім самім абаронцам.
А паколькі Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, пастолькі яна абавязана ў адпаведнасці з пунктам 3 b) артыкула 2 Пакта забяспечваць, што б права на прававую абарону для любой асобы, якая патрабуе такой абароны ўсталёўвалася кампетэнтнымі судовымі, адміністрацыйнымі і заканадаўчымі ўладамі і развіваць магчымасці судовай абароны.
Адпаведна, суды пры разглядзе хадайніцтва журналіста-фрылансера аб абаронцы павінен зыходзіць з нормаў міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе і іншых дзяржаўных органах. Супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.
Нават, калі як паказала суддзя, працэсуальна-адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці фiзiчнай асобе мець на судзе свайго прадстаўніка, у такім выпадку яна абавязана была ацаніць гэты факт у адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі, а менавіта ў частцы права кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь карыстацца ў любы момант дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў. Кожны дзеючы міжнародны дагавор, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, павінен ёю добрасумленна выконвацца. У адпаведнасці з артыкуламі 26, 27 ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь Венскай Канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў удзельнік міжнароднага дагавора не можа спасылацца на ўнутранае заканадаўства ў якасці апраўдання для невыканання такой дамовы. Згодна з артыкулам 15 закона Рэспублікі Беларусь "Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь” агульнапрызнаныя прынцыпы міжнароднага права і нормы міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь, якія ўступілі ў сілу, з'яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь права.
Таму можна зрабіць выснову пра тое, што ў дадзеным канкрэтным выпадку, пры вызначэнні правоў і абавязкаў журналіста-фрылансера ў адміністрацыйным працэсе парушаныя яго правы на абарону, гарантаваныя пунктамі 3 b) і d) артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У судовым працэсе суддзя паказала, што не валодае нормамі міжнароднага права, а менавіта нормамі тых міжнародных дамоваў, якімі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

У судовым працэсе суддзя паказала, што не валодае ў дастатковай для вядзення судовага працэсу адной з дзяржаўных, а менавіта беларускаю моваю, як таго патрабуе закон аб дзяржаўных службоўцах.

У гэтай сувязі адзначаем, што нават калі суддзя палічыла, што працэсуальна-адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае магчымасці фiзiчнай асобе мець на судзе свайго прадстаўніка, у такім выпадку яна абавязана была ацаніць гэты факт у адпаведнасці з артыкулам 62 Канстытуцыі, а менавіта ў частцы права кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь карыстацца ў любы момант дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў. У адсутнасць якога-небудзь тлумачэння на гэты конт, лічу, што абмежаванне канстытуцыйнага права журналіста-фрылансера на карыстанне паслугамі сваіх прадстаўнікоў, якія не з’яўляюцца адвакатамі,  у дадзеным канкрэтным выпадку з'яўляецца недапушчальным па сэнсу артыкула 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бо не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароне маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

ІІІ. Рэкамендацыі

Журналістам-фрылансерам:

У выпадках далейшага пераследу за сбор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь (незалажна ад флрм пераследу) больш старанна рыхтавацца да судовых паседжанняў, загадзя рыхтаваць пісьмовыя хадайніцтвы, абавязкова далучаць іх у матэрыялы справы, у кожным выпадку патрабаваць абаронцу, калі няма магчымасці аплаціць паслуг адваката, патрабаваць ад судоў забяспечыць выкананне гэтага права бесплатна. У абавязковым парадку па кожнаму выпадку пазначанага пераследу выкарыстоўваць усе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, каб потым з’явілася магчымасць для звароту з індывідуальным паведамленнем у міжнародныя інстанцыі, у прыватнасці у Камітэт ААН па правах чалавека.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

адмовіцца ад практыкі ўмяшальніцтва без дастатковых для гэтага падстаў у працу журналістаў – фрылансераў, якія ажыццяўляюць збор інфармацыі і якая не абавязкова павінна падабацца дзейнай уладзе.

пры затрыманні журналістаў-фрылансераў дэталёва тлумачыць падставы для затрымання, іх прававы статус, правы і абавязкі.

Суддзям судоў розных інстанцый:

пры разглядзе ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў адміністрацыйных спраў і скаргаў на гэтыя пастановы матываваць судовыя пастановы зыходзячы ў першую чаргу з патрабаванняў артыкула 23 Канстытуцыі,  а менавіта, матываваць кажную пастанову інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароне маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

забяспечваць правы журналістаў-фрылансераў на абарону зыходзячы ў першую чаргу з артыкулу 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянсікх і палітычных правах.

пры ажыццяўленні правасуддзя няўхільна выконваць патрабаванні закону аб дзяржаўных службоўцах у частцы валоданні суддзямі беларускаю моваю.

пры ажыццяўленні правасуддзя ўстрымлівацца ад устрымлівацца ад падазрэньняў у тым, што суддзя прама цi ўскосна зацікаўлены ў зыходзе справы.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

з мэтаю прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі права на абарону ў адміністрацыйным працэсе ініцыяваць адпаведныя змены ў беларускае заканадаўства.

Гомельская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства