Акцыя ў гонар Дня незалежнасці пад нацыянальнымі сцягамі
Сёння, 27 ліпеня, прадстаўнікі грамадскіх рухаў і актывісты на заклік “Маладога фронту” ў Мінску праводзяць акцыю Свята Незалежнасці. Яна прымеркаваная да дня прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Гэты дзень да 1996 года адзначаўся ў Беларусі як афіцыйны Дзень Незалежнасці.
Актывісты заклікалі выйсці на сталічную плошчу Незалежнасці ў 8-30 з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, а затым стаць ланцугом уздоўж праспекту Незалежнасці.
Адразу напачатку акцыі з'явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія пачалі перапісваць пашпартныя дадзеныя і складаць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Больш 20-ці ўдзельнікаў акцыі пашыхтаваліся каля аўтобуснага прыпынку і раздаюць прахожым нацыянальныя стужкі.. Супрацоўнікі міліцыі працягваюць складаць пратаколы. Вядзецца аператыўная відэафіксацыя акцыі.
Пасля 9 гадзін раніцы некаторыя ўдзельнікі пачалі разыходзяцца, частка застаецца на месцы. Супрацоўнік міліцыі ў званні капітана подбежкі пусціўся за Нінай Багінскай - відаць, не паспелі скласці пратакол правапарушэння.
Акцыя завяршылася ў 9-25 без затрымання ўдзельнікаў.