viasna on patreon

Следчыя не знайшлі прыкмет сэксуальнага гвалту ў дачыненні да хворага падлетка ў СІЗА. Ці не хацелі?

2016 2016-08-04T11:17:19+0300 2016-08-04T12:37:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/siza-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Гомеля Марына К. працяглы час дамагалася, каб следчыя правялі праверку па факце сэксуальнага дамагальніцтва ў дачыненні да яе прыёмнага сына, якое мела месца ў следчым ізалятары Гомеля ў лютым 2016 года і ўзбудзілі крымінальную справу.

Сямнаццацігадовы Віталь, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця (дэменцыя, што развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы), знаходзіцца пад вартай у якасці падазраванага ў сэксуальным дамагальніцтве, якое нібыта мела месца напрыканцы 2015 года. Гэтая гісторыя падрабязна была апісаная ў матэрыяле “Гомель: сэксуальны гвалт над хворым падлеткам у СІЗА”.

Дата суду над Віталём пакуль не прызначаная, аднак складваецца ўражанне, што не зважаючы на ягоную псіхічную хваробу, а таксама вынікі экспертыз і шматлікія сведчанні тых, хто мог заўважыць гвалт, але адмаўляе гэтыя факты, намагаюцца давесці крымінальную справу да завяршэння.

У сярэдзіне ліпеня Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта разгледзеў матэрыялы праверкі раённага СК па заяве прыёмнай маці Віталя Марыны К. і пастанавіў наступнае:

“Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару, а таксама прычынення цялесных пашкоджанняў на тэрыторыі СІЗА-3 УДВП МУС па Гомельскай вобласці у адносінах да В. адмовіць за адсутнасцю складу злачынства”.

У аснову такога рашэння следчыя паклалі паказанні асобаў, што ўтрымліваліся пад вартай разам з Віталём, і якія ў адзін голас заявілі, што аніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да хворага падлетка яны не здзяйснялі. А што яны павінны былі заявіць, што здзяйснялі?

Апроч таго, згодна звесткак з СІЗА-3, у медычнай карце на імя Віталя не ўтрымліваюцца звесткі аб наяўнасці ў яго цялесных пашкоджанняў. Хаця Віталь скардзіўся супрацоўнікам СІЗА на сэксуальны гвалт, неаднаразовае збіццё сукамернікамі, у тым ліку і па галаве, пра тое, як на ягоным целе тушылі недапалкі.Пра гэта ён, у прыватнасці, заяўляў пад час допыту 22 красавіка.

Цікавую пазіцыю ў гэтай справе заняў і псіхолаг, які працуе ў СІЗА-3, М. Зінкевіч. Ён характарызуе Віталя як фантазёра, прыдумляльшчыка розных сюжэтаў і роляў.

Тады адкуль у гэтых “прыдуманых сюжэтах” з’яўляецца заключэнне эксперта ад 12 траўня, дзе засведчана, што ў В. на момант агляду меліся: сінякі і кровепадцёкі левай лапатачнай вобласці, верхніх і ніжніх канечнасцей, якія ўтварыліся ад дзеяння цвёрдага тупога прадмета?

Не знайшла экспертыза (заключэнне №25-6-4.8/1305) на момант агляду 4 красавіка на целе В. і слядоў сэксуальнага гвалту. Заўважце, Віталь паскардзіўся маці пра насілле яшчэ 27 лютага, пад час спаткання ў СІЗА. Дык якія сляды сэксуальнага гвалту хацеў знайсці эксперт праз паўтара месяцы? У межах праведзенай Гомельскім раённым аддзелам СК праверкі следчы паўторна апытаў Віталя 7 ліпеня. У ходзе апытання падлетак патлумачыў, што паказанні пра гвалт і збіццё, дадзеныя пад час допыту 22 красавіка, а таксама звесткі, якія ўтрымліваюцца ў скаргах, ён цалкам падцвярджае і па-ранейшаму настойвае на іх.

Аднак следчыя, чамусьці, складу злачынства не знайшлі. Ці не надта імкнуліся адшукаць?

Вынікі праведзенай праверкі насцярожваюць праваабаронцаў яе яўнай павярхоўнасцю. Чаму, напрыклад, засталіся па-за ўвагай паказанні шматлікіх работнікаў СІЗА, апытаных у ходзе праверкі, якія патлумачылі, што Віталь сапраўды звяртаўся да іх па дапамогу з нагоды супрацьпраўных дзеянняў трэціх асобаў.

Адкуль на целе Віталя з’явіліся лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія выявіла экспертыза?

Як магло стацца, што падлетак з такім сур’ёзным псіхічным захворваннем знаходзіўся ў агульнай камеры з іншымі зняволенымі?  Дзе былі пры гэтым адказныя супрацоўнікі СІЗА і чаму следчыя не звярнулі ўвагі на магчымае патуранне з іх боку супрацьпраўным дзеянням сукамернікаў?

Прыёмная маці Віталя не губляе надзеі знайсці адказы на гэтыя пытанні і пакараць вінаватых.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства