Сын ЛППшніка: “Тата, калі ты вернешся з арміі?”
Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома пра спробу самагубства ў лячэбна-працоўным прафілакторыі №8 г. Наваполацка. Зняволены Руслан Трубкін, які патрапіў у папраўчую ўстанову 11 снежня 2015 года, наглытаўся цвікоў у знак пратэсту за адмову ў датэрміновым вызваленні.
Вядома, што Руслан Трубкін за час знаходжання ў ЛПП прайшоў курс лячэнне, працуе рабочым у цэху па вырабу тэнтаў, рэжым утрымання не парушае і звяртаўся з хадайніцтвам аб скарачэнні тэрміна ўтрымання. Аднак, зняволены адзначае, што на шляху выпраўлення сустрэў супраціў з боку начальніка атрада Аляксандра Панкрата.
“Пачалося з таго, што я напісаў заяву на доўгае спатканне з роднымі, аднак начальнік пачаў змяняць даты спаткання, а потым і ўвогуле губляць яе. У сваю чаргу я запісаўся на прыём да начальніка папраўчай установы Осіпава Паўла Пятровіча і пытанне са спатканнем было вельмі хутка вырашана.
Таксама пры размове з Панкратам А. пра магчымасць скарачэння майго тэрміна знаходжання ў ЛПП, ён адказваў у грубай форме з нецэнзурнай лаянкай, пагражаў, што не скароціць тэрмін, а падоўжыць яго: пачне з карцэра, потым пасадзіць пару разоў на 30 сутак і на суд “за дабаўкай”, - піша ў лісце Руслан Трубкін.
Сам зняволены падкрэслівае, што “памыліўся” ў жыцці і зараз гатовы вярнуцца ў сям’ю, дзе растуць без бацькі чатыры непаўналетнія дзіцяці, пакуль ён знаходзіцца ў ЛПП.
“Бо так крыўдна чуць па тэлефону, як дзеці пытаюць: “Калі ты, тата, з арміі вернешся? Трэба ровары адрамантаваць.” А я ў сваё апраўданне кажу, што хутка вярнуся, бо яны маленькіе і не разумеюць, дзе іх бацька. А мне сорамна перад імі і перад усімі роднымі, что апынуўся ў гэтых месцах”, - скардзіцца Руслан Трубкін.
Аднак, не глядзячы на ўзорныя паводзіны, на Руслана Трубкіна пачаў аказвацца ціск: то яго паставілі на кантроль з супрацоўнікамі па прыборцы, то на прафілактычны ўлік як схільнага да самагубства.
Зняволены адзначае, што з боку кіраўніцтва атраду прысутнічаюць “паборы” у выглядзе фарбы на рамонт, цыгарэт, шакалада, кавы, а людзі, што знаходзяцца ў ЛПП, баяцца казаць пра гэта, бо тады яны патрапяць пад дысцыплінарныя спагнанні.
Асобна трэба адзначыць, што заробак, які атрымлівае Руслан Трубкін, - мізэрны. Так, за люты 2016 года ён атрымаў усяго 201 недэнамінаваных беларускіх рублёў, а за сакавік – 706.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка падкрэслівае:
"ЛПП - гэта месца, дзе знаходзяцца ў зняволенні, у стане пазбаўлення волі людзі, якія не здзейснілі злачынства. Гэта - першая праблема; пазбаўленне волі дапускаецца толькі за здзяйсненне злачынства. Другая праблема - гэтыя людзі з'яўляюцца таннай, практычна бясплатнай рабочай сілай; а праблема прымусовай працы ў Беларусі вельмі актуальная. Зусім нядаўна Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) звярнуў увагу беларускіх уладаў на неабходнасць прывесці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі канвенцыі № 29 МАП, якая абвяшчае забарону на прымусовую працу па выніках разгляду беларускага пытання на 105 сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая прайшла 6 чэрвеня ў Жэневе.
Камітэт па нормах і стандартах МАП настойліва заклікаў урад Беларусі «гарантаваць, каб наступныя Дэкрэты і нацыянальнае заканадаўства знаходзіліся ў поўнай адпаведнасці з Канвенцыяй № 29, у тым ліку: Закон № 104-3 ад 4 студзеня 2010 года "Аб працэдуры і парадку накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і аб умовах знаходжання ў іх"; Дэкрэт Прэзідэнта № 3 ад 2 красавіка 2015 года "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства"; Дэкрэт Прэзідэнта № 5 "Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый"; Дэкрэт Прэзідэнта № 18 ад 24 лістапада 2006 года "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у "праблемных сем'ях".
Пытанне умоўна-датэрміновага вызвалення зняволенага разглядалася 28 ліпеня, рашэнне было адмоўнае. Такі вынік выклікаў эмацыйны шок у Руслана Трубкіна, і ён наглытаўся жалезных цвікоў. Зняволенага тэрмінова даставілі ў шпіталь, дзе з дапамогай зонда і магніта дасталі цвікі са страўніка. Пасля гэтага яго вярнулі ў ЛПП і пакаралі 10 суткамі ізалятара. Адміністрацыя ЛПП сцвярджае, што са здароўем Руслана ўсё ў парадку.
Жонка зняволенага Людміла Трубкіна мае намер напісаць скаргу ў пракуратуру, каб была праведзена праверка па факце правамернасці адмовы ў датэрміновым вызваленні яе мужа.