viasna on patreon

Эфектыўная скарга? Для зняволеных недаступная

2016 2016-08-05T14:08:20+0300 2016-08-05T14:58:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zniavolieny-skarhakommersant.ru.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі зняволеныя не вераць у эфектыўнасць скаргаў на дзеянні адміністрацый калоній і турмаў. Гэтае нявер'е падмацоўваецца заканадаўчымі перадумовамі, якія аналізуе эксперт па пытаннях пенітэнцыярнай сістэмы юрыст Павел Сапелка. Таксама ён апісвае меры, якія дазваляюць змяніць сітуацыю.

Ілюстрацыйнае фота: kommersant.ru
Ілюстрацыйнае фота: kommersant.ru

У крымінальна-папраўчай сістэме сярод зняволеных шырока распаўсюджана перакананне аб поўнай бесперспектыўнасці выкарыстання нацыянальных інстытутаў дазволу зваротаў асуджаных на незаконныя дзеянні адміністрацыі і супрацоўнікаў устаноў.

Статыстыка зваротаў зняволеных для маніторынгу недаступная, як і многія іншыя статыстычныя дадзеныя. Аднойчы апублікаваныя звесткі пра вынікі разгляду зваротаў і скаргаў асуджаных гэтае меркаванне не аспрэчваюць: «у 2014 годзе Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь зарэгістравана і разгледжана 96 зваротаў грамадзянаў на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС. Органамі пракуратуры ў 2011 - 2014 гадах разгледжана 158 скаргаў на меры ўздзеяння ў дачыненні да асуджаных, а таксама асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай (67 у 2011 годзе, 35 - 2012 годзе, 37 - 2013 годзе, 19 - 2014 годзе). Скаргі не задаволеныя. Судамі ў 2012 - 2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мераў спагнання і па скаргах адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў. Скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі», - гаворыцца ў Нацыянальным дакладзе да ўніверсальнага перыядычнага агляду (другі цыкл).

Тут як раз і пералічаныя тры органы, якія паводле закона маюць права разгледзець скаргі зняволеных: Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь і яго ўпраўленні ў абласцях, пракуратура і суд.

Як неаднаразова адзначалася раней у даследаваннях аўтараў маніторынгавых справаздач, роля пазаведамасных органаў кантролю за захаваннем законнасці пры выкананні пакаранняў у працэсе аднаўлення правоў зняволеных невялікая. На гэта ёсць і заканадаўчыя перадумовы.

Пракурорскі кантроль замяняецца кантролем ведамасным

Так, Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь замацаваў правіла, паводле якога асуджаныя маюць права даваць тлумачэнні, весці перапіску, звяртацца ў адміністрацыю органа ці ўстановы, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, суд, пракуратуру з прапановамі, заявамі і скаргамі.

Згодна з Законам «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», адной з задачаў пракуратуры з'яўляецца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. У мэтах выканання гэтых задачаў пракуратура ажыццяўляе нагляд, у тым ліку, за дакладным i аднолькавым выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовымі прадстаўнічымі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі.

Такім чынам, цалкам лагічнае накіраванне скаргаў зняволеных пракурорам для разгляду па сутнасці і прыняцця мераў пракурорскага рэагавання, прадугледжаных тым жа законам. Аднак бянтэжыць малая колькасць такіх зваротаў ад зняволеных: за ўвесь 2014 год 19 зваротаў разгледжаныя па сутнасці. Няўжо не пішуць? Пішуць, і атрымліваюць адказ аб тым, што іх скарга на дзеянні супрацоўнікаў ДВП накіраваная ... ў ДВП для разгляду. Самавольства? Практычна - так, але ёсць у пракурораў апраўданне - Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. №498 "Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў", які прадугледзеў наступнае правіла: звароты (прапановы, заявы, скаргі) грамадзянаў, незалежна ад таго, у які дзяржаўны орган або іншую арганізацыю яны паступілі, першапачаткова падлягаюць разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй:

у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, падпарадкаваных ім арганізацыях, тэрытарыяльных падраздзяленнях (органах) і арганізацыях, падпарадкаваных або якія ўваходзяць у склад (сістэму) рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, iншым дзяржаўным органам, іншым арганізацыям, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць і размешчаныя ў межах той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, на тэрыторыі якой узніклі пытанні, выкладзеныя ў зваротах (далей - мясцовыя органы);

у іншых арганізацыях, калі пытанні, выкладзеныя ў зваротах, адносяцца да выключнай кампетэнцыі гэтых арганізацый.

Гэтым жа ўказам зацверджаны пералік дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, адказных за разгляд зваротаў па сутнасці ў асобных сферах жыццядзейнасці насельніцтва. І - так, звароты па пытаннях выканання крымінальных пакаранняў аднесеныя да кампетэнцыі ДВП.

Вось такім чынам адносна незалежны пракурорскі кантроль замяняецца кантролем ведамасным, з боку вышэйстаячай арганізацыі ДВП. Ці можа такі кантроль быць бесстароннім? Канечне не; але гэта - толькі палова бяды: акрамя таго, у асуджанага яшчэ і губляецца надзея на аб'ектыўны разгляд скаргі, бо ў адказе ДВП або яго ўпраўленне не будзе растлумачваць, што пасля такога першапачатковага ведамаснага разгляду права на зварот у пракуратуру якраз і ўзнікае.

Сама сітуацыя, вядома, гняце: нават пры відавочных падставах для прымянення мераў пракурорскага рэагавання яны прымяняцца не будуць, а адсутнасць паўторнай скаргі зняволенага зусім не будзе азначаць тое, што праблема ўрэгуляваная. Хутчэй, будуць прынятыя меры для таго, каб смецце не пакінула межаў «хаты»...

Той жа лёс чакае зваротаў асуджанага ў iншыя органы, дзе ён памкнецца шукаць праўду. 

Дзяржпошліна становіцца перашкодай пры падачы скаргі ў суд

Суд разглядае скаргі асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мераў спагнання і скаргаў адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў.

Удзел асуджаных у паседжаннях адбываецца на меркаванне суддзі, і гэта азначае, што права зняволенага на справядлівы суд, як правіла, парушаецца.

Абавязковай умовай узбуджэння грамадзянскай справы па скарзе асуджанага з'яўляецца сплата ім дзяржаўнай пошліны ў памеры базавай велічыні - 21 рубля, што, часцяком, складае суму даходу асуджанага за некалькі месяцаў з улікам абавязку аплочваць сваё ўтрыманне і харчаванне, пагашаць магчымыя спагнанні паводле выканаўчых дакументаў. Вызваліць зняволенага ад неабходнасці аплаты дзяржпошліны могуць толькі прадстаўленыя ім даведкі ПУ аб адсутнасці ў яго грошай і магчымасці працаўладкавання. Судамі ў 2012 - 2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных на прымяненне да іх мераў спагнання і па скаргах адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў.

Як указала крыніца інфармацыі пра колькасць зваротаў, усе звароты асуджаных у пракуратуру прызнаныя неабгрунтаванымі, ні адна скарга судом не задаволеная.

Якія меры можна прадугледзець для таго, каб змяніць сітуацыю?

Міжнародныя дакументы выразна патрабуюць, каб усе турмы і месцы ўтрымання затрыманых асобаў падвяргаліся сістэме праверак, якія з'яўляюцца незалежнымі ад ўладнай структуры, якая адказвае за кіраванне турмамі. Гэтыя дакументы прадастаўляюць зняволеным права поўнага і канфідэнцыйнага доступу да інспектараў пры ўмове захавання законных мераў бяспекі: Звод прынцыпаў абароны ўсіх асобаў, якія падвяргаюцца затрыманню або зняволенню ў якой бы там ні было форме, Прынцып 29:

«1 У мэтах назірання за строгім захаваннем адпаведных законаў і правілаў месцы затрымання рэгулярна мусяць наведвацца кваліфікаванымі асобамі, якія маюць дастатковы вопыт, прызначаюцца і адказныя перад кампетэнтнымі ўладамі, адрознымі ад уладаў, у непасрэдным падпарадкаванні якіх знаходзяцца месцы затрымання або зняволення».

Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі, Правіла 55:

«Пенітэнцыярныя ўстановы і службы павінны падвяргацца рэгулярнай інспекцыі з боку кваліфікаваных і дасведчаных інспектараў, прызначаных кампетэнтнымі ўладамі. Інспектары павінны, у прыватнасці, пераканацца ў тым, што месцы зняволення кіруюцца ў адпаведнасці з дзеючымі законамі і прадпісаннямі і што іх праца адпавядае задачам, пастаўленым перад пенітэнцыярнымі і папраўчымі службамі».

Па аналагічнай схеме могуць і павінны разглядацца скаргі зняволеных: органы, якія разглядаюць скаргі, павінны быць незалежнымі ад адміністрацыі месцаў зняволення, і больш за ўсё ў Беларусі пад гэтае азначэнне падыходзяць органы пракуратуры.

Удзел вышэйстаячых органаў МУС і ДВП у праверцы скаргаў можа мець месца толькі ў выпадку, калі зняволены сам аддае ім перавагу, або для прамежкавага збору звестак, ацэнку якім павінна даць службовая асоба такога незалежнага органа. Толькі тады праверка довадаў заяўніка не будзе зацягнутая да такога стану, калі паўнавартасная праверка становіцца немагчымай або яе высновы ўжо неактуальныя для зняволенага.

У многіх дзяржавах вялікую ролю ў разглядзе скаргаў асуджаных і праверцы іх абгрунтаванасці маюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці; гэта добры варыянт для ўсіх дзяржаў, якія прызнаюць прыярытэты правоў чалавека.

Судовая абарона павінна прадастаўляцца асуджанаму незалежна ад папярэдняй сплаты ім дзяржаўнай пошліны; як крайнюю меру можна прадугледзець спагнанне дзяржаўнай пошліны з асуджанага пасля вынясення рашэння па скарзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства