Кастуся Жукоўскага зноў будуць судзіць у Лоеве, на гэты раз — за «незаконнае правядзенне апытання грамадскага меркавання»
12 жніўня гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў па пошце пратакол, складзены супрацоўнікамі Лоеўскага РАУС. Нагадаем, менавіта ў Лоеве журналіст быў затрыманы міліцыяй з прымяненнем фізічнай сілы і збіты потым, але судзілі не міліцыянераў, а яго — за хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Тады ж былі складзены пратаколы за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» і абразу супрацоўнікаў міліцыі. Але тыя пратаколы былі накіраваныя на дапрацоўку.
Зараз жа — новы пратакол, па артыкулу 9.29 КаАП — правядзенне даследаванняў і публікацыя вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, якое адносіцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, без акрэдытацыі. Дадзены артыкул прадугледжвае штраф у памеры да 20 велічынь.
Па словах Кастуся Жукоўскага, пратакол склаў Хічоў А.В., маёр міліцыі. Згодна пратаколу, фрылансер 21 чэрвеня знаходзіўся ў Лоеве, праводзіў апытанне грамадскага меркавання без адпаведнай акрэдытацыі і апублікаваў яго потым на тэлеканале «Белсат».
«Пераслед ідзе за тое, што мы ў Лоеве разварушылі «асінае гняздо», а мясцовым князькам не падабаецца гэта», - адзначыў журналіст. Ён разам з калегам здымаў у Лоеве відэа, дзе некалькі мясцовых жыхароў распавядалі пра бязмежжа супрацоўнікаў РАУС.
Нагадаем, 28 ліпеня Лоеўскі раённы суд аштрафаваў Кастуся Жукоўскага за хуліганства на тры базавыя велічыні. Лоеўская міліцыя 21 чэрвеня затрымала фрылансера разам з калегам Аляксеем Атрошчанкам падчас відэаздымкаў мясцовага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Да Кастуся Жукоўскага міліцыянты ўжывалі гвалт і нанеслі цялесныя пашкоджанні. Фрылансер з гэтай прычыны напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта.