viasna on patreon

У Наваполацку судзяць сына бабруйскага блогера Алега Жалнова Дапоўнена

2016 2016-08-16T09:51:00+0300 2016-08-16T11:59:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhalnovy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Мілюкоў з бацькам Алегам Жалновым

Аляксей Мілюкоў з бацькам Алегам Жалновым

Сёння ў судзе горада Наваполацка пачынаецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на сына бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксея Мілюкова (Жалнова), які адбывае трохгадовае пакаранне ў Наваполацкай папраўчай установе адкрытага тыпу №15. Яго перавялі сюды летась у жнiўнi з гомельскай ПУАТ-22 (Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу). Аляксея вінавацяць  па артыкуле 415 Крымінальнага кодэкса РБ «Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі», якое выявілася ў парушэннях рэжыму ўтрымання.

Усяго пад час адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях адкрытага тыпу з ліпеня 2014 года да нядаўняга часу Аляксей Мілюкоў (Жалноў) атрымаў 8 спагнанняў. Бацька Аляксея лічыць, што многія спагнанні выносіліся па неістотных прычынах, фармальна, з мэтаю паўплываць на бацьку, які выкрываў супрацоўнікаў бабруйскай міліцыі, што парушаюць закон і змяшчаў у сеціве пра гэта відэаролікі.

Нагадаем, у ліпені 2014 Аляксей Жалноў быў асуджаны на тры гады "хіміі" і атрымаў штраф – 50 мільёнаў рублёў. Суд прызнаў яго вінаватым у нанясенні маральнай і фізічнай шкоды супрацоўніку ДАІ.

За ходам судовага працэсу назіраюць прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра "Вясна". Суддзя Пётр Леўчанка абвясціў пра пачатак судовага паседжання. У залі – прадстаўнік абвінавачвання, адвакат, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Наваполацка, журналісты.  Аляксея Мілюкова трымаюць пад вартай.

Аляксей Мілюкоў адразу заявіў некалькі хадайніцтваў. Адно з іх -  і найбольш істотнае - дапусціць у якасці абаронцы па справе у суд свайго бацьку, Алега Жалнова. Суд з гэтым не пагадзіўся. Тады Аляксей Мілюкоў адмовіўся ад паслуг прызначанага адваката і папрасіў час, каб заключыць дамову з адвакатам, якому ён давярае.

Яшчэ адно хадайніцтва тычылася дазволу на вядзенне відэа і аўдыёзапісу. У відэазапісу было адмоўлена, а  аўдыёзапіс сваякам абвінавачанага  можна весці і без рашэння суддзі. Аляксей Мілюкоў задаў пытанне: "Як гэты запіс суд зможа далучыць да матэрыялаў справы і як яго параўнаць з пратаколам паседжання, які вядзе сакратар суда?". Суддзя паабяцаў адказаць на гэтае пытанне на наступным паседжанні, якое прызначанае на 23 жніўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства