Алесь Бяляцкі: Спадзяемся, Марылуізэ Бэк застанецца шчырым сябрам Беларусі
Марылуізэ Бэк, сябра знешнепалітычнай камісіі Бундэстага ад партыі "зялёных" і эксперт па Усходняй Еўропе, заявіла пра сваё рашэнне не абірацца ў наступнае скліканне нямецкага парламента. Адпаведнае паведамленне ад яе атрымаў Праваабарончы цэнтр "Вясна".
У лісце Марылуізэ Бэк дае абгрунтаванне свайго рашэння і, падводзячы "прамежкавы палітычны вынік", акрэслівае сваю жыццёвую пазіцыю, якая стала па сутнасці палітычным крэда.
"Праца з ахвярамі заўсёды азначае барацьбу за правы чалавека: свабода, бяспека і права меншасцяў на абарону і раўнапраўе, права на разнастайнасць і права на іншасць. Гэтая праваабарончая палітыка - адна з наймацнейшых апораў «Зялёных»".
Выказваючы падзяку сваім аднадумцам па партыі за дапамогу і давер, спадарыня Бэк адзначае, што, дзякуючы ім,
"…мела магчымасць прытрымлівацца сваіх перакананняў, сустракацца з аднадумцамі і такім чынам завязваць сяброўскія кантакты і абуджаць надзеі, якія заўсёды былі звязаны з партыяй «Зялёных». Мы таксама нярэдка маглі прадастаўляць абарону. Мала ў параўнанні з патрэбай у свеце, але шмат для тых, каму яна прызначалася.
Гэта адносілася да апазіцыянераў у Беларусі, якія знаходзіліся ў зняволенні, над якімі я брала шэфства, каб дамагчыся аблягчэнняў утрымання ў зняволенні і не аддаць гэтых людзей на забыццё. На нашую вялікую радасць усе яны зараз на волі".
Сярод беларускіх палітвязняў, пра лёс якіх клапацілася нямецкая парламентарка, быў і Алесь Бяляцкі. Кіраўнік "Вясны" кажа, што не мог не адгукнуцца на ліст спадарыні Бэк, паколькі мае да яе глыбокую павагу, і адзначае, што на працягу ўсіх гадоў іх знаёмства яна адкрыта заяўляла пра сваю пазіцыю па Беларусі ўладам краіны і была голасам беларускай грамадзянскай супольнасці на міжнароднай арэне.
“З Марылуізэ Бэк мы знаёмыя дастаткова даўно, яна стала вядомая беларускай грамадскасці спачатку як кіраўніца дэпутацкай групы АБСЕ па Беларусі і яшчэ тады адзначалася адкрытай і паслядоўнай барацьбой за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды ў нашай краіне. Яна не баялася пра гэта гаварыць прэзідэнту Лукашэнку и яго асяроддзю, за што пэўны час была неўязная ў Беларусь. Смелая пастава спадарыні Бэк была прыкметнай на фоне дачыненняў замежных палітыкаў і інстытуцыяў да Беларусі. Але, сапраўды, у апошнія час, калі здарыўся ўнутрыпалітычны крызіс у Беларусі ў 2010 годзе, калі дзясяткі грамадскіх актывістаў апынуліся за кратамі, яе голас загучаў яшчэ больш выразна і адметна”, - кажа Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца ўзгадвае, што пасля падзеяў 19 снежня 2010 года ён двойчы сустракаўся з Марылуізэ Бэк і бачыў, як яна шукала розныя магчымасці паўплываць на беларускія ўлады з тым, каб вызваліць палітзняволеных.
“І калі пры першай нашай сустрэчы яна выступала за дыпламатычныя перамовы, спробы знайсці нейкі кантакт з беларускім урадам, каб вырашыць гэтую праблему, то ўжо ў траўні 2011 года яна фактычна пагадзілася, што палітыка ціску на беларускі ўрад праз палітычныя санкцыі была хіба што апошнім інструментам, які мог выкарыстаць Еўразвяз супраць грубейшых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. І гэтая палітыка неўзабаве, у жніўні 2011 года, дала свой вынік, былі выпушчаныя 24 палітычныя вязні. Гэта таксама паказала, што яна перажывала за тое, што адбываецца ў Беларусі, шукала розныя магчымасці ўплыву на гэтую сітуацыю: калі так не атрымалася – значыць варта паспрабаваць па-іншаму. І вось гэтае “па-іншаму” дало свой вынік.
Але яшчэ за кратамі заставалася пэўная колькасць палітвязняў, і спадарыня Бэк, з’яўляючыся сябрам групы па Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, была іх грамадскім голасам за мяжой, і, канешне, яе голас меў міжнародны рэзананс”.
Алесь Бяляцкі выказвае спадарыні Бэк падзяку за яе падтрымку яму асабіста і грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым.
“Я асабіста ўдзячны ёй за падтрымку ў часы майго зняволення. Бо менавіта з гэтых галасоў асобных палітыкаў, людзей неабыякавых да сітуацыі ў Беларусі, і склалася пазіцыя міжнароднай супольнасці, якая ў рэшце рэшт прымусіла беларускія ўлады вызваліць мяне, а праз год і іншых палітычных зняволеных. Безумоўна, у гэтым ёсць унёсак Марылуізэ Бэк. Дзякуем ёй і спадзяемся, што, нягледзячы на завяршэнне палітычнай кар’еры, яна і надалей будзе заставацца шчырай сяброўкай беларускага народа”.
Нагадаем, з 1983 года Марылуізэ Бэк (Marieluise Beck) сябра Бундэстага ад партыі “залёных”, вядомая як адна з самых актыўных сябраў парламента ў пытаннях Усходняй Еўропы. З 2005 года сябра Камітэта па замежных справах, спецыялізавалася на Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе. Сябра Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (група “Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу” (ALDE)) і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. У 2011 годзе была адзначана спецыяльнай узнагародай за салідарнасць для Беларусі ад Аб’яднання беларускіх эмігранцкіх групаў “за асаблівую падтрымку правоў чалавека і актывістаў апазіцыі ў Беларусі ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года”.